Ігар Чарнушэвіч – “Выдатнік адукацыі”

Напярэдадні прафесійнага свята — Дня настаўніка — у наш раён прыйшла добрая навіна. Яна абавязкова парадуе мноства бярэзінцаў па ўсім свеце. Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Беларусі “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджаны педагог дадатковай адукацыі Бярэзінскага Інтэлектуальнага цэнтра дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі Ігар Чарнушэвіч.

Ігар Чарнушэвіч з матуляй Зояй Іосіфаўнай. Гэта па яе прыкладзе ён сёння вучыць дзяцей

— Я не люблю святочную мітусню, гучныя фанфары і доўгія віншавальныя цырымоніі, — прызнаецца Ігар Леанідавіч. – Куды прыемней мне рабочая атмасфера ў класе, задушэўныя размовы з дзецьмі, кансультацыі і вечнае рашэнне задач у галаве. А тут падумаў: урэшце рэшт не вучні, а я іх парадую сваім поспехам!
На рахунку педагога важкі атрад зорных выпускнікоў, якія з зайздроснай рэгулярнасцю штогод услаўляюць наш раён на ўсю краіну, бо становяцца пераможцамі абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных алімпіяд. Павел Сакаў, Мікіта Кулічок, Алег Якубенка, Аляксандр Дзенісюк, Дзмітрый Халецкі, Андрэй Кавалёнак, Кацярына Раманоўская, Максім Глініч, Павел Лешкевіч, Антон Лапыцька, Віталій Ізмер, Мікалай Клімовіч і многія, многія іншыя вучні Ігара Леанідавіча зрабілі Бярэзінскі раён своеасаблівай Мекай для юных талентаў у праграмаванні.
— Гэты атрад абавязкова будзе папаўняцца, — расказвае педагог, — бо падрастае не менш таленавітая і здольная змена з ліку вучняў 8-ых класаў. Яны ўжо сёння такія ўседлівыя, старанныя, дасціпныя і працаздольныя, ведаюць, чаго жадаюць дасягнуць у гэтым жыцці. А такая мэтанакіраванасць — галоўнае, чаму павінен навучыць педагог свайго вучня. За такіх дзяцей я спакойны!
Вучні Ігара Леанідавіча заўсёды вылучаліся, бо ўмелі ставіць для сябе рэальныя задачы і ўпарта ісці да мэты. І гэтай тактыкі прытрымліваюцца ў дарослым жыцці.
— Мае выпускнікі працуюць у розных куточках свету, адзін — нават у Сінгапуры, другая — у Цюрыху, — гаворыць мужчына, — бо паказваюць высокі ўзровень у праграмаванні, эрудзіраваныя і працаздольныя, маюць на ўсё сваё меркаванне і ведаюць сабе цану. Памылкова думаць, што я вучыў іх толькі задачы рашаць, я вучыў іх думаць, разважаць, лагічна мысліць і шукаць свае варыянты рашэнняў. Мог у іх нават знарок спытацца, як пішацца тое ці іншае слова, абмеркаваць прачытаную кнігу альбо цікавы выраз. Магчыма, гэта ў свой час ім падкажа ў складаным жыцці.
Своеасаблівая навука Ігара Леанідавіча не стала дарэмнай. Яго вучні ўпэўнена адчуваюць сябе ў жыцці, а атрыманыя на занятках веды запатрабаваны імі штодзень.
— Я ў час вучобы ў педагагічным інстытуце моцна не любіў педагогіку, — прызнаецца Ігар Леанідавіч. — Чуць такое, напэўна, дзіўна ад сына настаўніцы і члена цэлай педагагічнай дынастыі, але гэта так, бо для мяне не існуе гатовых адказаў на пытанні навучання і выхавання. Для мяне ў школе ўсё пачынаецца з настаўніка. І якія б метады ні адкрывалі, якое б абсталяванне ні прывозілі ў клас — інтэрактыўную дошку, тэлевізар ці камп’ютар — галоўным, вечным і нязменным у школе застаецца НАСТАЎНІК. Толькі яго яркай асобе па сілах запаліць у сэрцы дзіцяці прагу да ведаў.

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *