Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама Аляксандра Бабічава сустрэлася з калектывам Бярэзінскага лясгаса

Рынак працы: занятасць і заработная плата

Выступаючы па асноўнай тэме Дня інфармавання, начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга Калячка зазначыла, што пытанні занятасці насельніцтва і заработная плата неабходна трымаць на пастаянным кантролі. Бо памер даходаў насельніцтва – галоўны паказчык дабрабыту грамадства і эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, вобласці, краіны.

— Так, у агульным аб’ёме грашовых даходаў насельнiцтва асноўную частку займае аплата працы — 64,1%, — падкрэсліла Вольга Васільеўна. — Намінальная налічаная заработная плата ў рэспубліцы ў студзені-лістападзе 2019 года ў параўнанні з адпаведным мінулагоднім перыядам павялічылася на 13,6% і склала 1073,5 рубля. Па вобласці заработная плата склалася ў памеры 1085 рублёў. У рэгіянальным разрэзе самы высокі ўзровень аплаты працы за вышэйназваны перыяд — у г. Мінску, самы нізкі — у Магілёўскай вобласці.

 

Мовай лічбаў
У 2019 годзе ў Бярэзінскім раёне:
— 788,8 рубля склала сярэднямесячная заработная плата;
— 9507 чалавек заняты ў эканоміцы раёна;
— 406 чалавек працаўладкаваны, 52 — прызнаны беспрацоўнымі.
На 1 студзеня 2020 года ў раёне мелася 190 вакансій.
 

Барацьба з карупцыяй

— Дзейсным сродкам у барацьбе з грамадскім злом на розных узроўнях з’яўляецца работа камісій па супрацьдзеянні карупцыі, — адзначала начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Бярэзінскага райвыканкама Вольга Мельнічонак. – Дзейнічаюць такія камісіі ў арганізацыях, установах і на прадпрыемствах Бярэзінскага раёна. Узначальваюць іх, у сувязі са зменамі ў заканадаўстве, што адбыліся ў мінулым 2019 годзе, непасрэдна кіраўнікі. Старшынёй камісіі Бярэзінскага райвыканкама з’яўляецца кіраўнік раёна Аляксандр Бабічаў.

Але разам з тым, на тэрыторыі вобласці і раёна фіксуюцца парушэнні і злачынствы карупцыйнай накіраванасці. У 2019 годзе на тэрыторыі Мінскай вобласці іх зафіксавана 426. За здзяйсненне правапарушэнняў да крымінальнай адказнасці прыцягнута 146 асоб.

Выяўляліся злачынствы ў сферы сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, лясной гаспадаркі, дзяржаўнага кіравання, аховы здароўя, спорту, гандлю, аказання паслуг спажыўцам, абароннай дзейнасці.

Найбольшая колькасць іх зарэгістравана ў Мінскім (164), Барысаўскім (72), Салігорскім (54), Маладзечанскім (41), а таксама Дзяржынскім (35) раёнах. У Бярэзінскім раёне зарэгістравана 2 злачынствы.

З ліку карупцыйных злачынстваў найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца атрыманне хабару (232), крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (89).

Значная колькасць парушэнняў выяўлена і ў сферы закупак. Заключаюцца яны ў асноўным у незахаванні парадку размяшчэння звестак аб выніках закупак, неправамерным выбары працэдуры закупкі, неналежным афармленні дакументацыі па правядзенні перагавораў, таргоў.

Галоўнае – уласная бяспека

Пра важную ролю святлоадбівальных элементаў ў захаванні жыцця і здароўя дарослых і дзяцей гаварыў начальнік Бярэзінскага РАУС Андрэй Заяц. Таксама ён звяртаў увагу прысутных на актыўнасць віртуальных махляроў і заклікаў грамадзян быць асцярожнымі і ўважлівымі ў інтэрнэце: не перадаваць незнаёмцам асабістыя дадзеныя і дасканала правяраць інфармацыю, змешчаную ў электронных пісьмах.

Начальнік Бярэзінскага РАУС Андрэй Заяц заклікае прысутных быць уважлівымі ў інтэрнэце

Зваротная сувязь

Пытанні бярэзінцаў, што паступілі ў адрас членаў інфармацыйна-прапагандысцкай групы, датычыліся нездавальняючага стану мясцовых дарог, вуліц і іх недастатковага асвятлення ў цёмны час сутак. Звароты ўзяты на кантроль.

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *