Ініцыятыўная група ў Беразіно правяла пікет у падтрымку вылучэння кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў

Раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” даўно заваявала аўтарытэт і павагу сярод жыхароў Бярэзіншчыны як адна з самых масавых і аўтарытэтных. Яе атрыбутыка і сімволіка вядомы многім. І калі яны з’яўляюцца ў тым ці іншым грамадскім месцы, людзі ведаюць: члены “Белай Русі” праводзяць чарговую акцыю.

У час работы пікета раённай арганізацыі “Белая Русь”

Так было і на гэты раз, калі члены ініцыятыўнай групы — актывісты грамадскага аб’яднання каля рынку, што па вуліцы Перамогі, арганізавалі пікет для збору подпісаў па вылучэнні кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Акцыя гэтая праводзілася двойчы – 13 і 21 верасня і мела грамадскую цікавасць. Многія знаёміліся з біяграфіяй вылучэнца, задавалі пытанні наконт будучай выбарчай кампаніі, выказвалі свае пажаданні і прапановы, а таксама пакідалі аўтографы ў падпісным лісце.

На жаль, не ўсе жадаючыя змаглі пісьмова выказаць сваю падтрымку будучаму кандыдату. Прычына аказалася даволі простая: не кожны меў пры сабе пашпарт, а прапануемыя пенсійныя пасведчанні і іншыя дакументы, якія пацвярджаюць асобу, для гэтай мэты не сапраўдныя.

Удзел у выбарчай кампаніі членаў раённай арганізацыі “Белая Русь” на гэтым не завяршыўся. Як адзначыла яе старшыня А.Д. Жолудзева, актывісты грамадскага аб’яднання на працягу шэрагу гадоў рэгулярна ўключаліся ў аналагічныя кампаніі. Як і ў мінулыя разы, сёлета на пасяджэнні Савета раённай арганізацыі ў склад участковых выбарчых камісій было дэлегавана 17 членаў “Белай Русі”. Ёсць яе прадстаўнік і ў саставе акружной выбарчай камісіі. Мяркуецца, што ў дзень выбараў актывісты раённай арганізацыі будуць сачыць за ходам галасавання на ўчастках у якасці назіральнікаў ад грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *