Ізноў пажар, на гэты раз — у Брадцы

Днём 5 лютага тут гарэў хляўчук. І на гэты раз да ўзгарання прывяла няўважлівасць чалавека, а дакладней — яго халатнасць пры абыходжанні з агнём.

Гаспадар меў звычку выносіць попел з дому і складваць яго літаральна за метр ад хлеўчука. Прычым рабіў так мужчына на працягу доўгага часу – пра гэта сведчыць добрая гара попелу каля месца пажару. Хутчэй за ўсё, ва ўмовах ветранага надвор’я іскры ад попелу трапілі на драўляны хлеў — і пачаўся пажар.

Людзі не пацярпелі, аднак агнём пашкоджаны дзве сельскагаспадарчыя пабудовы. Пажарныя з аварыйна-выратавальнага паста, што знаходзіцца ў аграгарадку Брадзец, хутка ліквідавалі пажар. Далёка не кожнаму сельскаму населенаму пункту так шанцуе: пажарныя пасты ў нашым раёне ёсць толькі ў Брадцы, Міхалёве, Любушанах і Мікулічах.

— Дарэчы, гэта ўжо другі падобны выпадак пажару, — удакладняе інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС Вольга Данэйка. — З-за занесеных у памяшканне вуглёў нядаўна гарэў хляўчук у Беразіно. Таму варта нагадаць усім, што нават “бяскрыўдны” попел можа прывесці да ўзгарання! Складваць яго трэба не бліжэй за 15 метраў ад драўляных пабудоў, абавязкова праліваць вадой.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *