Ізноў пра шаленства

У сувязі з тым, што пачасціліся выпадкі захворвання хатняй жывёлы ад дзікай, яшчэ раз вернемся да названай тэмы. Нагадаем, што шаленства – востраінфекцыйнае захворванне нервовай сістэмы, якое выклікаецца вірусам, а завяршаецца смяротным зыходам.

Захворванне шаленствам рэгіструецца на тэрыторыі многіх краін свету. Ад яго штогод гінуць не толькі жывёла, але і каля 50 тысяч чалавек, бо хвароба невылечная.
Шаленства падзяляюць на прыродны тып, калі яго ачагі фарміруюцца дзікай жывёлай, і гарадскі – захворванне падтрымліваецца сабакамі, кошкамі і сельскагаспадарчай жывёлай. На тэрыторыі Мінскай вобласці пераважае прыродны тып.
Інкубацыйны (скрыты) перыяд у жывёлы розны: у сабак ён складае 14-30 дзён, у буйной рагатай жывёлы – ад 20 да 340 дзён.
Перш за ўсё звяртаюць на сябе ўвагу неадэкватныя паводзіны жывёлы. Калі яна здаровая, асабліва драпежнікі, практычна ніколі не з’яўляецца ў населеных пунктах, усяляк пазбягае сустрэч з людзьмі. Таму пры сустрэчы з дзікай жывёлінай, якая не баіцца чалавека, у дадатак, праяўляе павышаную агрэсіўнасць або апатыю, трэба быць асабліва ўважлівым і абачлівым.
Хворая жывёліна вызначаецца хісткай няцвёрдай паходкай, бурным слінацячэннем, знясіленнем, стратай голасу, цяжкім даханнем. Гэта адразу кідаецца ў вочы. Адзначаецца баязь вады. Жывёліна можа разгрызці месца, праз якое адбылося заражэнне. Перад смерцю наступаюць параліч ніжняй сківіцы і канечнасцей. Нават труп памерлай ад шаленста жывёліны можа ўяўляць небяспеку, у прыватнасці, пры зняцці з яе скуры, асабліва калі ў чалавека на руках ёсць драпіны.
Праз укусы, драпіны, абсліньванне скурных пакроваў, слізістую вачэй, поласці рота, носа і пры датыканні да якой-небудзь рэчы, што была забруджана слінай шалёнай жывёліны.
Да гэтай хваробы ўспрымальныя ўсе цеплакроўныя жывёліны, нават такія, як мышы, вожыкі, хамякі.
Для таго, каб засцерагчы сябе і сваіх хатніх гадаванцаў ад гэтага захворвання, патрэбна праводзіць прафілактычную вакцынацыю. Так, шчаняты
вакцыніруюцца ў адпаведнасці са схемай з 2-месячнага ўзросту, кацяняты — з трох месяцаў, дарослыя жывёліны – штогадова.
Праяўляючы клопат пра сваіх “братоў меншых”, не забывайце пра сябе і аб той небяспецы, у якую вы можаце трапіць пры сутыкненні з хворай жывёлай або даглядаючы яе. Яшчэ раз нагадаем: шаленства з’яўляецца невылечным, як для жывёлы, так і для чалавека.
Нялішняй будзе для вас, паважаныя чытачы, і наступная інфармацыя. У сувязі з выкананнем плана супрацьэпізаатэхнічных мерапрыемстваў з мэтай прафілактыкі шаленства будзе праводзіцца аральная імунізацыя дзікай платаяднай жывёлы. Для гэтай мэты будзе выкарыстоўвацца вакцына, якая ўтрымлівае блістэр прынады. Раскідванне прынады з вакцынай будзе праводзіцца з выкарыстаннем авіяцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь уздоўж мяжы з Латвійскай, Літоўскай і Польскай рэспублікамі, за выключэннем населеных пунктаў і вадаёмаў. З гэтай нагоды звяртаемся да жыхароў Бярэзіншчыны з просьбай па магчымасці выключыць паездкі ў названыя рэгіёны краіны.

Ігар ЯКУБЕНКА,
ветурач-эпізаатолаг.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *