Ізноў у вінаватых печка, альбо З–за чаго надарыўся пажар у Слабадзе?

 

Вечар 24 жніўня быў ушчэнт сапсаваны для сям’і бярэзінцаў, што прыехала адпачыць на дачу ў веску Слабада. Гаспадар пачаў рабіць звыклае — распальваць печку ў лазні. Праз некаторы час людзі пачулі трэск, выбеглі з хаты. На той час ужо палаў дах лазні. Як высветлілася, металічная печка была самаробная, мела металічны комін, ад перапальвання якога і пачала гарэць драўляная столь.

— Каля 40 працэнтаў пажараў у Бярэзінскім раёне ў гэтым годзе адбыліся з-за няспраўных печаў і парушэнняў людзьмі правілаў карыстання імі, — удакладняе інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС Вольга Данэйка. — Так, у аграгарадку Лешніца гарэў хляўчук, у вёсцы Журавок — нежылы дом. У аграгарадку Капланцы з-за недастатковай супрацьпажарнай пракладкі загарэўся дом, а праз некаторы час у тым жа населеным пункце пылала гаспадарчая пабудова. З-за перапальвання печы ў Беразіно і ў садовым таварыстве “Гурэшчына” былі знішчаны лазні. У вёсцы Костаўшчына распальванне печкі закончылася пажарам, апёкі атрымалі пенсіянеры.

У сувязі з гэтым, выратавальнікі нагадваюць бярэзінцам асноўныя правілы пажарнай бяспекі:

— самая надзейная печка – з чырвонай цэглы, комін таксама павінен быць з гэтага ж матэрыялу;

— у печы не павінна быць расколін, а комін трэба бяліць вапнавым растворам. Робіцца гэта для таго, каб на белым фоне лёгка было заўважыць новыя расколіны;

— у ацяпляльны сезон ачышчайце комін ад сажы адзін раз у 3 месяцы;

— печ і дымавая труба ў месцах злучэння з драўлянымі перакрыццямі павінны мець патаўшчэнне цаглянага мура — пракладку;

— каб вуглі, што выпалі з печкі, не прывялі да пажару, прыбіце перад топкай металічны ліст памерам 50х70 см;

— ні ў якім разе не выкарыстоўвайце пры падпалцы лёгкаўзгаральныя і гаручыя вадкасці;

— небяспечна пакідаць адчыненымі топачныя дзверцы;

— трымайце не менш як за паўтара метра ад печы вопратку, мэблю, дровы і іншыя гаручыя матэрыялы;

— попел і перагарэлыя вуглі выкідвайце не бліжэй за 10 метраў ад будынкаў;

— не пакідайце без нагляду печку, што паліцца, і не дазваляйце дзецям самастойна яе распальваць.

Падрыхтавала Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *