Каб адпачынак быў толькі ў радасць… Парады ад бярэзінскіх выратавальнікаў

Адзін з найлепшых адпачынкаў – на прыродзе. Часцей за ўсё ён прадугледжвае  распальванне вогнішча, прыгатаванне ежы, адпачынак на вадзе. Парады, якія трэба прыняць да ведама, дае першы намеснік начальніка Бярэзінскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Лагун:

— Па-першае, неабходна ўпэўніцца, ці не дзейнічае забарона на наведванне лясоў. Такія забароны перыядычна ўводзяцца і адмяняюцца органамі лясной гаспадаркі ў залежнасці ад умоў надвор’я. Інфармацыю вам падкажа мабільны дадатак “Дапамога побач” ці сайт Міністэрства лясной гаспадаркі. Калі забароны няма, то ведайце: распальваць вогнішчы можна толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах для адпачынку. Правілы пажарнай бяспекі, якія можна знайсці ў інтэрнэце, падрабязна раскажуць і пра выкарыстанне закрытых прыстасаванняў для прыгатавання ежы. Не лішнім будзе пазнаёміцца з імі кожнаму “турысту”. Добра тушыце вогнішча вадой ці пяском, бо любая іскра можа прывесці да маштабнага ляснога пажару. Вадаём – выдатнае месца для адпачынку. Памятайце: не плавайце ў нецвярозым стане, не давайце нырца ў незнаёмых месцах, не заплывайце на надзіманых матрасах на значную адлегласць. Надзвычай важна пільна сачыць за гульнямі дзяцей на вадзе. Найлепш – быць у вадзе побач з дзецьмі, літаральна на адлегласці выцягнутай рукі. Што датычыцца мер бяспекі ў жыллі, то яны таксама нескладаныя: не пакідайце малых  дзяцей без нагляду і прыбярыце з відных месцаў запалкі і запальніцы; сыходзячы з дому, выключайце электрапрыборы з разеткі, не перапальвайце печы ў лазнях. Нават выкарыстанне свечак у доме пры неасцярожнасці можа прывесці да пажару.

Фота з архіва Бярэзінскага РАНС.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *