Каб любіць Беларусь нашу мілую…

Нічога дзіўнага ў тым няма, што кожны чалавек хоча зрабіць месца, дзе жыве, утульным і камфортным. Імкнецца да гэтага дырэктар ДУК «Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка» Наталля Маеўская, якая вось ужо трыццаць пяць гадоў служыць бібліятэчнай справе і не стамляецца рабіць усё, каб прапагандаваць кнігу і чытанне.

— Да Года малой радзімы нашы бібліятэкары выдалі тры паказальнікі юбілейных і памятных дат Бярэзінскага раёна за 2018, 2019 і 2020 гады, — заўважае яна. — Зрабілі такі даведнік і па сельсаветах — расказалі пра вёскі, іх знакамітых жыхароў, пра гістарычныя падзеі. Таксама распрацавалі краязнаўча-асветніцкі праект, прымеркаваны да 95-годдзя Бярэзінскага раёна, 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сумесна з Бярэзінскім раённым саветам ветэранаў выдалі кнігу «Яны пралівалі кроў і стаялі насмерць за Радзіму». Была створана кніга «Гісторыя фізкультуры і спорту Бярэзінскага раёна». Таксама праводзім шмат мерапрыемстваў і акцый. Адна з іх — рэквіем «Дарогамі спаленых вёсак». А яшчэ ў нас ёсць краязнаўчы лекторый на колах. Распрацавалі два маршруты, па якіх наведваем гістарычныя мясціны.

Планы ў бібліятэкараў вялікія і жаданне ісці наперад прысутнічае. Таму яны з нецярпеннем чакаюць рэканструкцыі будынка бібліятэкі. А пакуль, каб інтарэс людзей да наведвання культурнай установы не згас, Наталля Мікалаеўна асвоіла мясцовы тэлеграм-канал і піша туды навіны аб усіх бібліятэчных мерапрыемствах.

Мілана Трапянок.

Фота Алены Громавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *