Кацярына Асьмакова: “Аднойчы давялося дзяжурыць больш за суткі”

Гераіня жнівеньскага праекта Кацярына Асьмакова – з Беразіно, вучылася ў гімназіі, пэўны час займалася музыкай і нават натхнёна выступала з музычнымі нумарамі на сцэне раённай школы мастацтваў. Аднак сёння ў свае дваццаць два Кацярына рыхтуецца стаць следчым, а пакуль асвойваецца ў новай для сябе ролі ў раённым аддзеле Следчага камітэта і назапашвае вопыт раскрыцця крадзяжоў і кіберзлачынстваў.

— Я яшчэ ў школе вызначалася сярод равеснікаў баявым характарам, актыўнай жыццёвай пазіцыяй, ахвотна займалася спортам і мела шмат сяброў. Аднак аб будучай прафесіі ніяк не дбала. Падказалі паспрабаваць свае сілы ў юрыспрудэнцыі любоў да школьнага прадмета “грамадазнаўства” і бацькавы парады. Так і адбылося: я скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і там паспела пазнаёміцца з вопытам работы гродзенскіх следчых.

— А ты тады ўяўляла, чым займаецца следчы?

— Вядома ж, не, але і асаблівага рамантычнага настрою ў мяне не было. Не бачыла я сябе ў марах ні Каменскай, ні Шаўцовай. І сёння, праз некалькі месяцаў працы, яны для мяне так і застаюцца ўсяго толькі кіношнымі героямі, а не служаць прыкладам для пераймання. Ды і не выдам вялікую тайну, калі прызнаюся, што не супадае наша работа з тым, што паказваецца ў шматлікіх тэлевізійных серыялах.

— Чаму ты па прыкладзе некаторых равеснікаў не адправілася пакараць сталіцу?

— У тым, што я выбрала першым месцам працы родны горад, ёсць некалькі прычын, адна з якіх асабістая. Ды і не па душы мне мітуслівая сталіца і шумныя тусоўкі.

— Як цябе сустрэлі ў калектыве? Якія веды і навыкі спатрэбіліся ў першыя працоўныя дні?

— Ужо першы тыдзень паказаў, што тэарэтычныя веды далёкія ад практыкі. Ды і вынесла я першы прафесійны ўрок — следчым у міні-спадніцах і на тонкіх абцасах у складзе аператыўнай групы на месцы здарэння лепш не ездзіць. Па–першае, гэта нязручна, а па-другое — не дае засяродзіцца на справе, бо ніколі не ведаеш, колькі часу і дзе давядзецца пісаць пратаколы. Магчыма, і на каленях, і цягнуцца следчыя дзеянні могуць некалькі гадзін. Я аднойчы дзяжурыла больш за суткі…

— Так, значыць, ты выбрала мужчынскую прафесію?

— У нашым райаддзеле жанчыны не “рэдкасць” і складаюць большасць. Ніхто не зможа параўнацца з імі па ўседлівасці, адносінах да дробязей. Нярэдка менавіта супрацоўніца даводзіла справу да лагічнага завяршэння, вызначаючы дэталі. Але якая розніца, хто займаецца справай? Галоўнае — да выканання сваіх абавязкаў ставіцца з адказнасцю, каб людзі верылі табе і адносіліся з павагай.

— А якія крымінальныя справы ты вядзеш?

— Большасць з іх – маёмасныя злачынствы, якія адбываюцца праз згубную звычку – злоўжыванне алкаголем. Але ўжо ёсць у маёй прафесійнай скарбонцы і куды больш сур’ёзныя справы, напрыклад, фішынг. Размова ідзе пра кіберзлачынствы. Гэта новы від супрацьпраўных дзеянняў і патрабуе больш тэхналагічных методык выяўлення абвінавачваемых асоб. Таму раю бярэзінцам не адмахвацца ад просьбаў быць больш асцярожнымі і пільнымі ў адносінах да безнаяўных плацяжоў і перадачы асабістых звестак у інтэрнэце.

— Якое злачынства ўрэзалася ў памяць?

— Гэта грабеж, які быў учынены ў вячэрні час па вуліцы Піянерскай горада. Тут мужчына выхапіў у жанчыны пакет з прадуктамі, а паквапіўся небарака на батон, лімон і бутэльку гарэлкі. Невядома, на што разлічваў рабаўнік, бо пацярпелая яго добра ведала, адразу пазнала і выклікала міліцыю. Мужчына быў прызнаны вінаватым, але вывадаў так і не зрабіў, бо нядаўна быў ізноў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, і на гэты раз за парушэнне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.

— Аб чым жа марыць следчы Кацярына Асьмакова?

— Апошнім часам у мяне зусім мала часу на адпачынак і ўласныя жаданні, але не ў маіх жыццёвых правілах скардзіцца. Галоўнае для мяне, каб кожны зламыснік атрымаў заслужанае пакаранне. Няхай гэта будзе штраф альбо некалькі гадоў хіміі, ці нават прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Дзеля гэтага я не лічу свой працоўны час: бегаю па розных інстанцыях і ваджу падазроных асоб да ўрачоў.

— Дык прызямліцца ці ўзляцець?

— І прызямліцца, і ўзляцець. Прызямліцца хочацца ў родным горадзе. Тут мне ўсё блізкае, тут я сустрэла сваё каханне і мару стварыць сям’ю. Дзеля свайго выбранніка я не стала шукаць шчасця ў іншым месцы. Ён — міліцыянер і нядаўна пачаў служыць у аддзеле аховы грамадскага правапарадку і прафілактыкі раённага аддзела ўнутраных спраў. Марыць працаваць участковым на вёсцы. Яму і мне бывае часам няпроста, бо мы толькі пачынаем свой шлях у прафесію, але разам хочам зрабіць наш горад бяспечным і не даць злодзеям надзею пазбегнуць пакарання.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *