Каго не пакрыўдзіць Металічны Бык, ведаюць брадзецкія жывёлаводы

Згодна з кітайскім гараскопам, у надыходзячым 2021 годзе ў свае правы ўступае самая велічная і магутная істота ва ўсходнім карагодзе — Металічны Бык. За няпросты і ўпарты нораў яго не дарэмна пабойваюцца. Таму напярэдадні Новага года і Каляд кожнаму з нас хочацца ведаць, што Металічны Бык абяцае людзям і каму прынясе поспех? За адказамі адправіліся ў невялікую вёсачку Падкамень, дзе на ферме ААТ “Брадзец”, пабудаванай яшчэ ў савецкія часы, утрымліваюцца самыя ўкормленыя і прыгожыя бычкі.

— Бык руплівага селяніна не пакрыўдзіць, — гаворыць Анатоль Максімаў. – Аднак не варта гатаваць стравы з ялавічыны на святочны стол. Лепш будзе пад бой курантаў папрасіць у сімвала года здароўя, цярпення, высакароддзя і добразычлівасці, каб дастойна пераадолець усе цяжкасці і нягоды!

 

Адрас выбралі невыпадкова: на ферме “Падкамень” працуе лепшы ў раёне аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы Анатоль Максімаў. Яго гадаванцы — выключна бычкі ва ўзросце старэй за 6 месяцаў, у суткі набіраюць вагу да 900 грамаў і рэалізуюцца перапрацоўшчыкам вагой па 450-470 кілаграмаў. Даглядае іх ён адзін, бо лепш за ўсіх у гаспадарцы ведае, як вырасціць добрага бычка.

— Зараз на ферме ўтрымліваюцца 117 бычкоў, а было і 175, — заўважае Анатоль Мікалаевіч. — Руплівы вясковец ведае, што вырасціць бычка няцяжка. Патрабуецца накарміць, напаіць і дагледзець!

Аднак не ўсё так проста. Жывёла любіць ва ўсім адмысловы парадак і мае добры апетыт. Цяпер у рацыёне бычкоў – сілас, сена, сянаж і, абавязкова, канцэнтраты. Ды яшчэ і брага.

— Пажадана, каб канцэнтратаў было як мага больш, але раздаю па два кілаграмы на бычка ў дзень, — дадае жывёлавод. — Ды і не забываюся падкідваць у кармушку салому з яравых культур. Ядуць яе жывёлы іншым разам куды ахвотней, чым іншыя кармы.

Каб нішто не перашкаджала бычкам набіраць вагу і не выклікала ў іх стрэс, Анатоль не ведае ні выхадных, ні водпуску. У дапамогу яму конь і колы, каб развозіць і раскідваць кармы. Ды і далёка ехаць не трэба! Побач з фермай – акуратная яміна з сіласам, цешаць вока некалькі сціртаў саломы.

— Гэта ўсё зроблена, каб мне было зручней, — расказвае мужчына. – Ды і прывык я да такога рытму працы і парадку. З маленства любіў бываць на ферме, дапамагаў матулі даглядаць свіней на былой ферме “Міраслаўка”, затым сам у свой час кіраваў фермай “Крапіўня”. Таму каровамі і быкамі мяне не напалохаеш!

Жывёла і сапраўды слухаецца свайго кармільшчыка і даглядчыка. Не баіцца браць з яго рук ежу і толькі крыху касавурыцца на незнаёмцаў. А як яна ставіцца да механізатараў, якія рэгулярна прыбіраюць тут.

— На дзіва, спакойна і без агрэсіі, — адказвае А. Максімаў. — Ды і лухта гэта ўсё пра ваяўнічасць быкоў. Яны спагадліва і добразычліва ставяцца да людзей, якія іх даглядаюць. Няпраўда і тое, што чырвоны колер іх раздражняе. Аднак яны страшна не церпяць выпівак. Такім работнікам на нашай ферме не знойдзецца месца!

Паверыць у тое, што пярэстыя і велічныя гадаванцы могуць камусьці пагражаць, мне цяжка, бо яны палохаюцца нават рудога сабаку, які ахоўвае ферму. Ды і паводзінамі нагадваюць палахлівых дзяцей.

— Быкі ж гадуюцца ў нас усяго крыху больш за год, — расказвае Анатоль Мікалаевіч. — Яны розныя па характары і па звычках. Адны ўсяго пужаюцца, а іншыя, наадварот, выказваюць вялікую цікавасць да ўсяго навокал.
Праца па вырошчванні бычкоў прыносіць жывёлаводу нядрэнны даход, але сам ён яшчэ з армейскіх часоў не ўжывае ялавічыну. Куды больш падабаюцца яму свініна і курынае мяса.

— У мяне свая даўняя прычына, каб адмовіцца ад гэтага віду мяса, — тлумачыць А. Максімаў. — Але ведаю, што людзі не ўжываюць ялавічыну за яе высокі кошт і асаблівую тэхналогію прыгатавання. У гэтым бачу пэўны сэнс: бык ніколі не шукае лёгкіх шляхоў і мэтанакіравана крочыць наперад, не баіцца цяжкасцей і дбае пра перспектыву.

Павінны дбаць пра перспектыву вырошчвання буйной рагатай жывёлы ўсе жывёлаводы раёна, бо дробязей тут няма. Прыемна, што гэта разумеюць жывёлаводы, якія ўжо ў гэтым годзе паступова пачалі нарошчваць сярэднюю цану рэалізацыі і продаж жывёлы вышэйшай укормленасцю, множыць выручку ад рэалізацыі. Работа ў гэтым напрамку павінна быць не забыта і ў новым годзе, бо пры належным старанні і разумным падыходзе абяцае селяніну нядрэнную прыбаўку да заробку. Толькі за студзень–кастрычнік сярэдні заробак работнікаў у сельгаспрадпрыемствах раёна пры нарошчванні вытворчасці працы на 32% у параўнанні з леташнім перыядам дасягнуў 833 рублёў. Пераўзышлі гэты паказчык у ААТ “Першамайскі” і гаспадарках інвестарах. Таму астатнім з самага пачатку года трэба звярнуць асаблівую ўвагу на вырошчванне быкоў у грамадскім статку, каб павялічыць даходы не толькі ад малака, але і ад мяса і, вядома, зрабіць ялавічыну даступнай па кішэні селяніну.

У тэму

Новы год работнікі фермаў раёна вітаюць з радасцю. Па выніках работы за студзень–лістапад павялічыліся валавая вытворчасць і рэалізацыя малака, таварнасць і прыплод, што дазволіла дасягнуць сярэднядзённага надою ў 12 кілаграмаў ад каровы. Ды і парадаваў надой на карову, які дасягнуў паказчыка ў 3992 кілаграмы малака. У лідарах па нарошчванні прадуктыўнасці малочнага статка не толькі жывёлаводы філіялаў «Ома» (7233 кг), “АграМАЗ” (5926 кг), АСП “Арэшкавічы” (5332 кг), але і ААТ «Першамайскі» (4338 кг), якія працуюць з вялікай прыбаўкай.

Не падвялі і работнікі жывёлагадоўчых фермаў. Тут назіраецца рост усіх асноўных вытворчых паказчыкаў, а сярэднясутачныя прыбаўленні выйшлі ўжо на 561 грам. Тон задаюць работнікі ААТ “Брадзец”, дзе ў суткі жывёла прырастае на 677 грамаў.

Свае дасягненні жывёлаводы падзяляюць з механізатарамі, бо без назапашанага імі кармавога рацыёну не было б ні малака, ні мяса.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *