Калі “Ома” выйдзе на 10-тысячны надой малака. Высвятляў наш карэспандэнт

Студзень — лепшы час для падвядзення вынікаў за мінулы год і вызначэння задач на будучы перыяд для работнікаў жывёлагадоўчых ферм. Часу прамаруджваць з гэтым у іх няма, бо работа на фермах не ведае выхадных, ды і рэалізацыя малака і мяса не спыняецца штодня, што і гарантуе селяніну і гаспадаркам нядрэнны даход. Чым жа запомніўся жывёлаводам мінулы 2020 год і якія з яго ўрокаў трэба не забыцца сёлета? Аб гэтым наша размова з намеснікам начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Наталляй ЖАЎНЕРЧЫК:

— Мінулы год стаў у пэўнай ступені пераломным у развіцці жывёлагадоўлі ў раёне. У рэшце рэшт быў дасягнуты добры прырост вытворчасці і рэалізацыі малака дзяржаве. Разам з гэтымі аб’ёмамі прырасла і таварнасць прадукцыі. Яна цяпер налічвае амаль 90%, што сведчыць аб руплівых адносінах жывёлавода да кожнага кілаграма малака.

У плане нарошчвання малочнай прадукцыі трэба аддаць належнае ўсім гаспадаркам, акрамя філіяла “Здравушка-агра”. Жывёлаводы гэтага сельгаспрадпрыемства не выйшлі на паказчыкі мінулага года і дапусцілі змяншэнне прадуктыўнасці малочнага статка. У прыклад ім варта паставіць працаўнікоў малочнатаварных фермаў ААТ “Пагосцкі”. Яны павялічылі валавы надой да 5568 тон супраць 3371 у 2019 годзе. А праблемы ў іх практычна аднолькавыя.

— А на які вынік выйшлі ў прадуктыўнасці жывёлы?

— Тут таксама чырванець не даводзіцца, бо гаспадаркі раёна прырасцілі надой на карову з 3642 кілаграмаў малака ў 2019 да 4369 — у 2020 годзе. Значна памножылі гэты паказчык работнікі ферм ААТ “Пагосцкі” і “Першамайскі”. Ды і не варта забывацца пра нашых лідараў. Так, жывёлаводы філіяла “Ома” ў мінулым годзе надаілі ад кожнай рагулі па 8445 кілаграмаў малака! Няцяжка палічыць: штодзень ад жывёлы тут атрымлівалі звыш 23 кілаграмаў малака. Важкі вынік дапамог філіялу давесці рэнтабельнасць вытворчасці малака да рэкордных паказчыкаў у 46,9%.

У лідарах не толькі гэта гаспадарка, але і УП “Агра-МАЗ” і СП “Арэшкавічы”, якія адпаведна завяршылі 2020 год з паказчыкамі ў 6435 і 5866 кілаграмаў малака.

— Як вядома, нарошчванне малака цесна мяжуе з вытворчасцю мяса. Што станоўчага дасягнута летась на фермах раёна па вырошчванні буйной рагатай жывёлы?

— Гаварыць пра станоўчае ў гэтым плане пакуль цяжка, бо паранейшаму гаспадаркі раёна не выйшлі на рэнтабельнасць у вырошчванні ялавічыны. Але сказаць, што наш селянін апусціў рукі і спасаваў перад закупачнай цаной, не магу. Назіраецца пэўны рост у вырошчванні буйной рагатай жывёлы, які мог бы быць больш істотным, але змінусавалі жывёлаводы ААТ “Бярэзінскі” (77,4%), “Бярэзінскі райаграсэрвіс” (83,7%) і філіяла “Ома” (99,7%). Гэтыя гаспадаркі і зменшылі валавыя прыбаўленні ў вазе жывёлы. Што ж датычыцца сярэднясутачных прываг, дык яны ўжо дасягнулі 559 грамаў супраць 463 — у 2019 годзе. Звыш гэтага паказчыка атрымліваюць штодня работнікі жывёлагадоўчых ферм 5 гаспадарак раёна. А тон у нарошчванні прыбаўленняў задае ААТ “Багушэвічы”. Тут у суткі жывёла набірае вагу ў 673 грамы.

— Бачна, што гаспадаркі плённа папрацавалі летась над нарошчваннем прадукцыі жывёлагадоўлі. А ці маецца яшчэ нявыкарыстаны ў поўнай меры патэнцыял для росту малака і мяса?

— Вядома ж, не ўсе рэзервы вычарпаны. Добрую прыбаўку абяцае прыплод жывёлы, які летась дасягнуў 11540 галоў, і надзейны запас травяных і канцэнтраваных кармоў, якім трэба толькі ўмела распарадзіцца. Ды і нельга забывацца пра самы галоўны рэсурс нарошчвання жывёлагадоўчай прадукцыі — грамадскае пагалоўе. Летась было дапушчана яго змяншэнне, у тым ліку і кароў. Таму першачарговая задача, якая стаіць перад работнікамі ферм на 2021 год, — павялічыць пагалоўе.

— Ведаю, што райсельгасхарч ужо распрацаваў заданні для кожнай гаспадаркі па развіцці жывёлагадоўлі не толькі на год, але і на кожны месяц. Цікава, ці выйдзе сёлета філіял “Ома” на запаветны паказчык у 10000 кілаграмаў малака ад каровы?

— Па нашых прагнозах, пакуль — не, але гаспадарка рэальна наблізіцца да мяжы ў 9000 кілаграмаў малака. Тут варта заўважыць, што гнацца трэба не толькі за лічбавымі вытворчымі паказчыкамі, але і навучыцца сумяшчаць рост прадукцыі са змяншэннем яе сабекошту і павышэннем канкурэнтаздольнасці. Прасцей кажучы, сёння мала мець добры надой, трэба яго выгадна рэалізаваць, каб пакрыць расходы і мець прыбытак.

Што тычыцца астатніх вытворчых паказчыкаў, то сёлетні год жывёлаводы павінны завяршыць з надоем у 4587 кілаграмаў малака і давесці яго рэалізацыю да 44085 тон. Лічбы гэтыя цалкам рэальныя пры наяўнасці сумленных адносін да справы работнікаў усіх звенняў, надзейнай кармавой базы, бездакорнай вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны.

УДАКЛАДНЕННЕ

Летась у гаспадарках раёна сярэднядзённы надой на карову складаў 12 кілагра-маў. У рэйтынгу лепшых па гэтым паказчыку — філіял “Ома” (23,1 кг), УП “АграМАЗ (17,6 кг), СП “Арэшкавічы” (16,1 кг), ААТ “Першамайскі” (12,8 кг) і “Уша” (11,7 кг).

Падрыхтавала Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *