Каля 300 бярэзінскіх хлопчыкаў і дзяўчынак сталі першымі гледачамі навагодняга прадстаўлення раённага цэнтра культуры

 

Эстафета дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” паспяхова крочыць па краіне. У пятніцу, 27 снежня, яе адрасам стаў раённы цэнтр культуры. Тут у дзень прэм’еры навагодняга прадстаўлення яблыку недзе было ўпасці, бо сабраліся ў вялікай зале дзеці са шматдзетных і маламаёмасных сем’яў, падлеткі, што знаходяцца на розных відах уліку, дзеці–інваліды і дзеці-сіроты. Атрымалі сюды пачэсныя запрашэнні пераможцы прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Бабічаў уручае навагодні падарунак Дзянісу Бураму. Ён — пераможца конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці 2019” у намінацыі “Спартыўныя дасягненні”

 

— За акном зіма — час кароткіх дзён і самых доўгіх начэй. Нездарма ж да нас прыходзіць Новы год, — такімі словамі вітаў вядучы першых гледачоў навагодняга дабрачыннага прадстаўлення. — Усе мы з нецярпеннем чакаем гэта свята, таму што верым, што менавіта ў гэтым годзе здарыцца самае вялікае цуда ў нашым жыцці.

Не менш цёпла звярнуўся да дзяцей старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Бабічаў.

— Новы год павінен быць добрай і чароўнай казкай для дзяцей, — гаварыў ён у сваім віншаванні, — і дарыць усім людзям радасць і надзею. Мы верым у вас і вашу будучыню, якая здольна любы цуд зрабіць явай.

Выпаў кіраўніку раёна і гонар уручыць навагоднія сувеніры самым разумным, спартыўным і актыўным дзецям нашага раёна.

Іх атрымалі прызёр рэспубліканскага конкурсу даследчых работ “Спадчына Беларусі” ў намінацыі “Матэрыяльная культура” Лізавета Лукашэвіч–Рыбачонак, прызёры 3-га этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах — Аляксей Саўкін і Мікалай Клімовіч, пераможца конкурсу “Вучань года Мінскай вобласці-2019” у намінацыі “Спартыўныя дасягненні” Дзяніс Буры і прызёр абласнога этапу рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне “Снежны снайпер” — Лізавета Тушынская.

У час навагодняга прадстаўлення

Пасля навагодні падарунак, зроблены дзіцячымі рукамі, атрымаў і Аляксандр Мікалаевіч Бабічаў.

Добрым падарункам для шаноўных гасцей і ўсіх удзельнікаў дабрачыннай акцыі стала прадстаўленне “Навагодняя казка ў стылі кіберпанк. Абнаўленне. 2.0.2.0.” Чароўная зорка альбо амаль дэтэктыўная гісторыя ў сучасным віртуальным стылі, у якой дабро і справядлівасць перамагаюць зло. Новая пастаноўка раённага цэнтра культуры стала сапраўдным відовішчам з мноствам казачных персанажаў, цікавымі музычнымі і танцавальнымі нумарамі, дзе былі задзейнічаны ўсе самадзейныя калектывы раённага цэнтра культуры. Аўтар, рэжысёр і пастаноўшчык прадстаўлення — Аляксей Бабашаў.

Актыўнымі гледачамі навагодняга прадстаўлення сталі каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны не толькі пільна сачылі за падзеямі на сцэне, але і шчыра перажывалі за сваіх юных герояў

Яркай і незабыўнай сцэнай стала заканчэнне навагодняга казачнага прадстаўлення, дзе Снягурка з Дзедам Марозам і юны наступаючы год віншуюць усіх з надыходзячым Новым годам.

— Няхай Новы год прынясе нам шмат шчасця, удачы, усмешак, цяпла і святла! — зычылі яны дзецям. — Няхай ён будзе напоўнены яркімі фарбамі, прыемнымі ўражаннямі і радаснымі падзеямі. Жадаем вам у новым годзе быць здаровымі, прыгожымі і паспяховымі.

На памяць аб казачнай пастаноўцы дзятве застануцца не толькі святочны настрой і прыемныя ўражанні, але і смачныя падарункі.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *