Карабель мары прышвартаваўся ў Беразіно

31 сакавіка быў дадзены гучны старт міжведамаснаму пілотнаму праекту “ШТУРМ”.

Мэта праекта — аб’яднаць дзейнасць дзяржаўных устаноў выхаваўчай і сацыякультурнай сфер і грамадскіх аб’яднанняў у рабоце з дзецьмі і падлеткамі з асацыяльнымі паводзінамі. Галоўным каардынатарам і кіраўніком Школы Творчага Удасканалення Развіцця Моладзі выступіла Бярэзінская раённая бібліятэка.

Праект – жывая справа. Пазыўны сігнал на наступны збор школы “ШТУРМ” прагучыць ужо ў красавіку.

— Мы спадзяёмся, што новая крэатыўная форма работы зацікавіць навізной і незвычайным фарматам, — гаварыла прысутным кіраўнік установы Наталля Маеўская, — атрымае асаблівую сацыяльную запатрабаванасць, дапаможа стварыць якасны культурна-выхаваўчы асяродак, стане месцам актыўных зносін і засваення сацыяльных роляў, дазволіць не выпусціць з-пад пазітыўнага ўплыву падлеткаў з асацыяльнымі паводзінамі, якія адчуваюць цяжкасці ва ўзаемаадносінах з дарослымі і равеснікамі.

Штурман карабля Тамара Круталевіч

Першы зборстарт “Мы-разам! Мы побач!” нёс выключную адказнасць: падчас вясновых канікулаў належыла сабраць падлеткаў з горада і раёна, зацікавіць рознаўзроставую катэгорыю падапечных, перадаць ім зарад-імпульс і, вядома ж, апраўдаць іх чаканні. На ўрачыстае адкрыццё школы “ШТУРМ” атрымаў персанальнае запрашэнне 21 навучэнец з гарадскіх і сельскіх школ. Мерапрыемства прайшло ў фармаце яркай імпрэзы: набор каманды юнгаў на карабель Мары, які адправіцца ў захапляльнае плаванне працягласцю 13 месяцаў з порта Беразіно.

Удзельнікам праекта ўручае глобусы Алена Жолудзева

Юнгі атрымалі спецыяльна маркіраваныя кепкі – зашыфраванае пасланне і код распазнавальнасці. У бартавы журнал былі ўнесены прозвішчы юных мараходцаў-штурмаўцаў. Рытуал знаёмства з юнгамі прайшоў з арыгінальным прадстаўленнем персанальных пароляў. Імянная эстафета суправаджалася каментарыем штурмана: як важна не пасароміць сваё імя, здзяйсняючы неабдуманыя ўчынкі.

З наказам да юнгаў звярнуліся лідар Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Алег Купіч, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Кацярына Аўрамчык, старшыня ГА “Белая Русь” Алена Жолудзева. Юнгі атрымалі ў падарунак глобусы і памятныя блакноты для запісвання ўражанняў, завязалі каляровыя стужкі на Дрэве жаданняў, наведалі масцярок-каюту раённага цэнтра рамёстваў і чытацкі кубрык. Узнёслы тон карабельнай тусоўцы надавалі танцавальныя кампазіцыі і песні ў марскім стылі ад выхаванцаў раённай школы мастацтваў.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу
Бярэзінскай раённай бібліятэкі , кіраўнік школы “ШТУРМ”.
Фота Паўла САЛАЎЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *