«Карона» творчы агеньчык бярэзінцаў не патушыць!

У сувязі з пандэміяй змяніўся рэжым работы некаторых устаноў культуры ў рэгіёне. Адны цалкам сышлі ў анлайн, іншыя працуюць у штатным рэжыме, але работнікі культуры адзначаюць, што без пэўных перамен у складаны час не абышлося.

Поўным ходам ідзе відэазапіс дзіцячага спектакля ў раённым цэнтры культуры

Даеш анлайн-канцэрт!

Не напалохаў каранавірус і шматлікі атрад работнікаў раённага цэнтра культуры. Дзверы ўстановы адкрыты для наведвальнікаў, працуюць некалькі выстаў, прымеркаваных да Вялікадня і 75-годдзя Вялікай Перамогі.
— Іх можна наведаць як у рэальнасці, але абавязкова ў медыцынскай масцы, так і ў анлайн-рэжыме ў нашай групе, — зазначае дырэктар раённага цэнтра культуры Марыя Бурымская. — Усе мастацкія калектывы і гурткі спынілі свае заняткі і рэпетыцыі, але не варта думаць, што творчыя людзі сядзяць склаўшы рукі. Вось да Міжнароднага дня сям’і для наведвальнікаў групы ў сацыяльных сетках мы прапанавалі ў віртуальным рэжыме паслухаць задушэўныя спевы і чыстыя галасы сямейнага гурта Палянскіх, дапоўніць сваім фотаздымкам наш сямейны вернісаж.
Цалкам перайшлі ў віртуальную прастору драматычныя калектывы, якія наладзілі для бярэзінскіх аматараў Мельпамены самых розных узростаў адразу некалькі анлайн-спектакляў узорнага лялечнага тэатра “Сюрпрыз”, народнага і драматычнага тэатраў.
— Гэта робіцца толькі з адной мэтай — не згубіць цікавасць бярэзінцаў да сцэнічнага мастацтва, — зазначае рэжысёр народнага драматычнага тэатра Мікалай Пытляк. — Не варта забывацца, што сёлета восенню паклоннікаў Мельпамены чакае чарговы аматарскі фестываль народных тэатраў “Бярэзінская рампа”. Яго пакуль ніхто не адмяняў.
Добра разумеюць работнікі культуры, што новы анлайн-фармат сувязі з гледачом наўрад ці задаволіць інтарэсы актыўных бярэзінцаў, аматараў здаровага ладу жыцця і карыснага адпачынку на свежым паветры.
— Мы ўжо паспяхова апрабавалі такую форму работы з актыўнай моладдзю, як велапрабег, — дадае Марыя Анатольеўна. – Яна знайшла гарачы водгук сярод маладых бярэзінцаў, якія жадаюць у свой выхадны дзень з карысцю павандраваць па раёне. Ужо распрацаваны некалькі розных краязнаўчых

маршрутаў. Паступова афармляюцца заяўкі. Памятаем мы і пра Дзень моладзі, які адзначаецца ў канцы чэрвеня. Абяцаем шмат цікавага. Таму заклікаем пільна сачыць за нашымі навінамі ў групе https://vk.com/rck_berezino.

Заказаць экскурсію лепш загадзя

На засталіся без працы ў час складанай эпідэміялагічнай сітуацыі і работнікі Бярэзінскага цэнтра рамёстваў.
— Вядома ж, пандэмія перакрэсліла большасць творчых планаў, — гаворыць дырэктар цэнтра рамёстваў Іна Хвашчэўская. — Не будзе сёлета працягнута традыцыя правядзення ночы музеяў. Ды і не маем мы тэхнічнай магчымасці цалкам перайсці на анлайн-рэжым.
Таму з нецярпеннем чакаюць наведвальнікаў экспазіцыі і выставы. Аднак ёсць пэўныя ўмовы — абавязковы масачны рэжым, абмежаваная колькасць наведвальнікаў і папярэдні заказ экскурсіі.

Рэмарку маска — не перашкода

У цэнтральнай раённай бібліятэцы, якая зараз часова знаходзіцца на трэцім паверсе будынка раённага цэнтра культуры, дзейнічае строгі масачны рэжым для наведвальнікаў, па неабходнасці вымяраецца тэмпература ў чытачоў. Аднак новыя ўмовы ніяк не паўплывалі на цікавасць бярэзінцаў да чытання.
— Так, дзятва аднолькава, як у час пандэміі, так і да яе, не забывае дарогу ў бібліятэку, — расказвае загадчыца дзіцячай бібліятэкі Святлана Зіноўева. — Наракаць на нашых юных чытачоў нельга, бо яны захоўваюць масачны рэжым, шмат бяруць кніг па школьнай праграме і па-за яе межамі.
Не зменшылася агульная кнігавыдача і ў дарослых чытачоў цэнтральнай раённай бібліятэкі. Аднак тут бібліятэкары заўважаюць: чытачоў менш, але яны чытаць сталі больш.
— Цяпер ужо ніхто з наведвальнікаў не бярэ адну-дзве кнігі, — зазначае бібліятэкар Валянціна Яроцкая. — Не менш за дваццаць выбіраюць. Асобна хочацца назваць жыхара вёскі Капланцы Міхаіла Картэля. Ён у бібліятэцы бывае за месяц разоў пяць, а прачытвае звыш ста кніг.
А якія творы і аўтары найбольш папулярныя сярод бярэзінцаў у час пандэміі і вымушанай самаізаляцыі?
— Тут, на першым месцы, традыцыйна стаіць “лёгкая” літаратура з ліку расійскіх дэтэктываў і жаночых раманаў, — адказваюць бібліятэкары. — Не здаюць сваіх пазіцый па папулярнасці сярод чытачоў і раманы вядомай беларус-кай пісьменніцы Наталлі Батраковай. Ды і другое нараджэнне чытацкага інтарэсу сярод бярэзінцаў перажываюць раманы Эрых Марыі Рэмарка “Трыумфальная арка”, “На Заходнім фронце без перамен” і “Тры таварышы”. Ёсць у нас попыт і на творы класічнай беларускай і
рускай літаратуры, якія мы па меры магчымасці задавальняем. Ды і перыядычныя выданні не пыляцца на паліцах. Праўда, час карыстання імі ў чытальнай зале строга абмежаваны.
Аднак варта памятаць, што бібліятэка – гэта не толькі месца кнігавыдачы, але і асяроддзе актыўнай асветніцкай і культурна-прапагандысцкай дзейнасці.
— Тут мы цалкам перайшлі ў сацыяльныя сеткі, — удакладняе дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Маеўская. – Тым больш, што яшчэ да пандэміі стварылі групу ў сацыяльных сетках і ўжо маем нямала пастаянных падпісчыкаў. Вядома, што большасць матэрыялаў там краязнаўчага характару, якія найбольш актуальныя ў год Вялікай Перамогі.

Чакаем кінапрэм’ер

Кінатэатр у час пандэміі работу не спыняе.
— Мы змянілі графік работы і зменшылі колькасць сеансаў. Вядома ж, зменшылася і колькасць гледачоў, якая пакуль вагаецца ад 2 да 5 чалавек на сеансе, — гаворыць дырэктар кінавідэапрадпрыемства Ірына Рамановіч. — Нашы магчымасці дазваляюць забяспечыць пэўную дыстанцыю для гледачоў, праводзіцца неабходная дэзапрацоўка. А вярнуць гледачоў у залу мы збіраемся кінапрэм’ерамі, якія ўжо не за гарамі.

Мілана ТРАПЯНОК. 

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *