Кашлачоў пачаў сяўбу першым!

Яшчэ ў канцы сакавіка аграрыі Мінскай вобласці прыступілі да сяўбы ранніх зерневых культур. Па стане на 30 сакавіка ўжо былі пасеяны першыя 789 гектараў палеткаў.

Механізатар ААТ «Пагосцкі» Вячаслаў Кашлачоў першы ў раёне распачаў сяўбу

Выехалі ў поле насуперак звычайнаму сялянскаму календару механізатары Любанскага, Вілейскага, Валожынскага, Клецкага, Маладзечанскага і Бярэзінскага раёнаў. На рахунку нашых аграрыяў тады было ўсяго 40 гектараў, а ўжо на 1 красавіка роўна 100 гектараў пасеяных плошчаў. Належаць яны адкрытаму акцыянернаму таварыству “Пагосцкі”. З кожным днём тут пасяўная плошча прырастае і прырастае. Сумнявацца ў правільнасці такога рашэння кіраўніка сельгаспрадпрыемства Наталлі Сокал не дае сейбіт, які выехаў на раллю ва ўрочышчы Лясковічы. Гэта добра вядомы ў раёне Вячаслаў Кашлачоў.

Без рызыкі не абысціся

Яшчэ не ўсе палеткі вызваліліся ад снегу, днём крыху халаднавата, а па начах глебу скоўвае мароз. Ды і пасярод машыннага двара гаспадаркі ў аграгарадку Пагост ляжыць снежная гурба, але мясцовыя механізатары першымі прыступілі да пасяўных работ у раёне.

— Чаго палохацца, калі сонейка прыпякае ўсё мацней і мацней, — гаворыць Вячаслаў Кашлачоў, — ды і летась мы пасяўную кампанію пачыналі яшчэ раней. У нас жа яравы клін — адзін з самых вялікіх у раёне!

Вячаслаў Аляксеевіч — адзін з самых вопытных і сумленных механізатараў гаспадаркі, які душой хварэе за хлебаробскую справу і не шкадуючы сіл рупіцца ў полі. Без яго тут не абыходзяцца з ранняй вясны да позняй восені, ды і даручаюцца самыя цяжкія віды палявых работ – дыскаванне глебы, ворыва. На яго рахунку ўжо 27 пасяўная вясна і другі па ліку энерганасычыны трактар Беларус-3522 . Машына новая, другі год, як выходзіць у поле, але ж усё роўна адрамантавана і адрэгулявана стараннымі рукамі сейбіта. Ён перагледзеў кожную дэталь, кожны закуточак машыны і сеялкі, каб нішто не падвяло ў адказны момант.

— Стараюся клапаціцца пра яе кожны дзень, нават не грэбую памыць перад выездам у поле, — расказвае Вячаслаў Аляксеевіч. — Яна ж цяпер да позняй восені мая вялікая памочніца. У дзень засяваецца амаль 40 гектараў пры норме ў 36. Вядома, ж можна і болей, але нават на самых сухіх палетках раз-пораз сустракаюцца ўвільготненыя ўчасткі, а месцамі нават злашчасныя “талерачкі”. Гэта крыху псуе настрой, аднак, дзякуй Богу, снег не ідзе і маразы не ціснуць. Значыць, паспеем управіцца з яравым клінам і дагледзець палеткі азімых культур.

— На сёлетняй пасяўной кампаніі эканоміць не будзем, каб не толькі атрымаць багаты запас фуражу і травяністых кармоў для будучых даходаў ад жывёлагадоўлі, — гаворыць Аляксандр Салаўёў, — але і павялічыць дабрабыт вяскоўцаў і культуру земляробства. Планы ў нас адначасова амбіцыйныя і рэальныя. А тут ужо, прабачце, без рызыкі ніяк нельга! Таму пагостцы сеюць першымі

— Нам, сапраўды, няма як прамаруджваць з пачаткам пасяўной кампаніі, — зазначае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Салаўёў, — плануем пасеяць 750 гектараў ранніх зерневых культур, у тым ліку 200 гектараў аўса, 250 — зернебабовых, 200 — ячменю. У нашых самых сціплых планах сабраць на круг не менш за 30 цэнтнераў з гектара. Таму насенне ў нас толькі эліта і першы гатунак. Ды і сёлета ўнясём пад поўную патрэбу мінеральныя тукі.

Пасяўную правядзём без крэдытаў

Пакуль запас мінеральных тукаў складае на пасяўную кампанію ў гаспадарцы ўсяго 45 працэнтаў ад патрэбнага. Але ў планах гаспадаркі — набыць увесь патрэбны запас угнаенняў у самы бліжэйшы час.

— Тут мы разлічваем не на крэдыты, а на ўласныя сродкі, — заўважае Алякандр Мікалаевіч, — штомесяц даходы ад рэалізацыі малака папаўняюць бюджэт гаспадаркі на 460 тысяч рубель. Гэтых грошай з лішкам хапае выплаціць заробак працаўнікам і набыць патрэбнае пад пасяўную кампанію. Дарэчы, няма ў нас намеру сэканоміць на гэтай сяўбе, не пакрыўдзім ні зямлю-матухну, ні руплівага механізатара. Кожны з іх пры належным старанні павялічыць заробак да 2 тысяч рублёў.

Такі рашучы і шчодры настрой кіраўніцтва перадаецца механізатарам. З 1 красавіка яны працуюць ужо па дванаццаць гадзін. Працоўны дзень пачынаецца ў сем гадзін раніцы, але ўжо да гэтага часу, на машынным двары кіпіць работа. Зараз жа горача даводзіцца не толькі сейбіту, але і механізатарам, занятым на падрыхтоўцы глебы і доглядзе азімых пасеваў.

Вясенні дзень — год корміць

— Працы хапае ўсім нашым дваццаці аграрыям, бо штодзень рыхтуецца пад сяўбу 30 гектараў глебы, падкармліваецца па 100 — 120 гектараў палеткаў, — гаворыць Аляксандр Мікалаевіч. — Часу лішні раз пакурыць няма, у нас жа азімы клін амаль 1780 гектараў. З зімоўкі палеткі выйшлі ў здавальняючым стане і цяпер патрабуюць падкормкі.

Таму старанна працуюць на работах па ўнясенні тукаў на МТЗ — 82 Юрый Гоман з МП-1,1 і Віталь Цэдрык на МТЗ -82 з РПУ-1,6, якія за дзень паспяваюць выканаць работы на плошчы ў 50 гектараў кожны. Не ведае стомы на трактары МТЗ — 82 з ПП-2500 Іван Захожы. Ён стараецца падкарміць азімыя палеткі каліем, а гэта справа адказная. Ды і кіпіць работа на падрыхтоўцы глебы да сяўбы, бо з перавыкананнем даведзеных заданняў шчыруюць Арцём Дудко, Сяргей Дадонаў, Аляксей Семашкевіч і іншыя.

На гэтым тыдні абяцаць ужо да 19 градусаў цяпла, — заўважае Аляксандр Хвашчэўскі, значыць, зямля-матухна хутчэй прагрэецца і будзе здольна прыняць зярняты. А пакуль час не настаў, ва ўсю рыхтуем глебу!

— Удзень іх сіламі рыхтуецца да 30 гектараў глебы, — зазначае Аляксандр Мікалаевіч, — калі надвор’е нас не падвядзе і будзе спрыяць, у поле выйдзе яшчэ адна сеялка. Працаваць на ёй будзе Аляксандр Хвашчэўскі. Вопыту яму не пазычаць, таму, думаю, з сяўбой ранніх зерневых мы ўправімся ў час!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *