Кіберзлачыннасць наступае! Што яшчэ ў крымінальнай хроніцы бярэзінскіх следчых

Будзьце пільнымі! Кіберзлачыннасць наступае!

Размах гэтых злачынстваў у раёне пужае. Так, 3 верасня невядомы ў невядомым месцы з дапамогай інтэрнэту, валодаючы рэквізітамі банкаўскай плацежнай карты, зняў з чужога карт-рахунку не больш не менш як 2434 рублі 50 капеек! У гэты ж дзень прыкладна па такой жа схеме з банкаўскай карткі ў замежнай валюце зніклі без следу яшчэ 716 еўра.
Апрача гэтага, невядомы яшчэ ў канцы жніўня ў невядомым месцы з выкарыстаннем рэквізітаў банкаўскай плацежнай карткі атрымаў несанкцыянаваны доступ да карт-рахунку. У выніку апошні палягчэў на 230 рублёў.
Ды і варта звярнуць увагу, што работнікі банкаў рэдка тэлефануюць сваім кліентам і ніколі не цікавяцца банкаўскімі рэквізітамі. У гэтым даволі позна пераканаліся некалькі бярэзінцаў.
Ім як быццам патэлефанавалі супрацоўніцы банка, каб удакладніць пэўныя дадзеныя, але адначасова з карт-рахунку зніклі 548 рублёў 10 капеек.
Яшчэ адзін заяўнік абяднеў па падобнай схеме: не далічыўся 1993 рублі 90 капеек.

Не пускайце ў дом чужых людзей!

Ахвярай сваёй залішняй даверлівасці і гасціннасці стала жыхарка вёскі Галаўныя Ляды. Нядаўна яе наведалі “мілыя” жанчыны,
якія прадставіліся работнікамі цэнтральнай раённай бальніцы. Пасля візіту махлярак гаспадыня не далічылася 2 тысяч рублёў.

Хто пакідае каштоўныя рэчы ў альтанцы?

Невядомы вечарам усяго за трыццаць хвілін трапіў на тэрыторыю каля дома ў вёсцы Святліца. Тут яму вельмі “спатрэбіліся” пакінутыя ў
альтанцы без нагляду ноўтбук, падзараднае ўстройства і флэш-карта. Матэрыяльны ўрон налічвае 420 рублёў.

“Я ж маці!” Але якая?

На гэты раз на гэта ганебнае званне прэтэндуе жыхарка вёскі Жорнаўка, працаўладкаваная лесаводам у гадавальнік ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас”. Яна ўхіляецца ад вяртання расходаў на ўтрыманне 12-гадовай дачкі ў дзяржаўных установах. На працягу трох месяцаў жанчына звыш дзесяці дзён не паказвалася на працы.

Ізноў пра наркотыкі

Невядомы раніцай каля ляснога масіву паблізу Мінскай кальцавой дарогі збыў 29–гадовай жанчыне асабліва небяспечнае псіхатропнае наркатычнае рэчыва вагой 0,31 грама.

Жанчын біць не рэкамендуецца

Канфлікт паміж мужам і жонкай у вёсцы Бярозаўка ўспыхнуў пасля сумеснага распіцця спіртных напояў. Атрымаўшы добрую дозу алкаголю, мужчына вырашыў паказаць, хто ў доме гаспадар. Спачатку сварыўся, а потым стукнуў жонку нажом. Жанчына атрымала траўму і мужаву навуку ацаніла як пагрозу жыццю, таму і звярнулася ў міліцыю.

Сяргей ЖЫЛІЧ,
выконваючы абавязкі начальніка Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *