На Бярэзіншчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва

У калектыў рэдакцыі газеты завітала дырэктар радыёстанцыі “Мінская хваля” Таццяна Карпік. Менавіта з традыцый суверэннай Беларусі і пачалася гутарка журналістаў.

— Сёння мы жывём у мірнай, прыгожай і незалежнай краіне з гераічнай гісторыяй і багатай культурнай, духоўнай спадчынай. Славіцца Рэспубліка Беларусь і сваімі традыцыямі, — падкрэсліла Таццяна Валерыеўна. – Спартыўны год у Беларусі стартуе міжнародным Калядным турнірам на прыз Прэзідэнта. За час свайго існавання мерапрыемства заваявала прызнанне і папулярнасць, бо сімвалізуе пераемнасць прафесійнага і аматарскага спорту. А яшчэ, як адзначыў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, турнір, лепш за любую дыпламатыю, яднае народы, умацоўвае сяброўскія сувязі паміж людзьмі розных краін.

Штогод адзначаць заслугі людзей, жыццё і праца якіх служаць высокім мэтам, стала ў Беларусі добрай традыцыяй, аналагаў якой няма ў свеце. У дні навагодніх і калядных свят праходзіць ушанаванне тых, хто ўносіць значны ўклад у справу міласэрнасці і гуманізму – уручаецца прэмія “За духоўнае адраджэнне”.

Свяшчэнным святам у нашай краіне лічыцца Дзень Перамогі. Дата 9 Мая сімвалізуе гераізм, мужнасць і самаадданасць беларускага народа ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі за свабоду Радзімы. Асноўныя святочныя мерапрыемствы па традыцыі праходзяць у беларускай сталіцы з удзелам Прэзідэнта.

На ўрачыстым адкрыцці плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску 2 ліпеня 2013 года была закладзена новая традыцыя — прынясенне клятвы вернасці Дзяржаўнаму сцягу. Плошчу адразу ж зацвердзілі ў спісе славутасцяў не толькі сталіцы, але і Беларусі ў цэлым.

Моладзь – адзін з прыярытэтных накірункаў дзяржаўнай палітыкі. У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны змог рэалізаваць свае здольнасці. Лепшыя выпускнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці, спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці, па традыцыі, запрашаюцца на штогадовы Рэспубліканскі баль, дзе наказ маладым людзям перад дарослым жыццём дае кіраўнік дзяржавы. Разам з тым, для падтрымкі адоранай моладзі створаны спецыяльныя фонды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі.

Нацыянальны культурны брэнд Беларусі — свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). У 2017 годзе на мерапрыемстве пабывала больш за 100 тысяч гасцей, у тым ліку з Германіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі, Японіі. Такія сустрэчы — лепшая народная дыпламатыя, якая адкрывае людзям нашу самабытную і цудоўную краіну.

Міжнародную папулярнасць набыў фестываль мастацтваў «Славянскі базар». Геаграфія яго ахоплівае пяць кантынентаў і ўжо перавышае 75 краін.

Ганаровае месца сярод важнейшых падзей культурнага жыцця краіны займае Дзень беларускага пісьменства. Мерапрыемства з’яўляецца добрай нагодай яшчэ раз звярнуцца да спрадвечных нацыянальных традыцый і асэнсаваць іх месца ў сучаснасці.

Беражліва захоўваецца ў нашай краіне і даўняя народная традыцыя ушанавання працаўнікоў вёскі — свята ўраджаю («Дажынкі»). Сёння свята арганізаецца ў адным з раённых цэнтраў Беларусі кожнай вобласці. Штогод мяняючы месца свайго правядзення, фестываль дапамагае змяніць у лепшы бок знешні воблік малых гарадоў, а разам з тым палепшыць якасць жыцця іх жыхароў.

Свой чацвёрты юбілей у 2020 годзе адзначыць традыцыйная навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Правядзенне яе з’яўляецца сведчаннем яднання дзяржавы і грамадства ў вырашэнні адной з галоўных задач нашай сацыяльна арыентаванай краіны — клопату пра дзяцей. Асабліва пра тых з іх, што засталіся без апекі бацькоў і апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Менавіта вышэйназваная катэгорыя дзяцей, як ніхто іншы, мае патрэбу ў нашых клопаце і ўвазе. А часам, як ні сумна адзначаць, – нават у абароне дзяржавы ад уласных бацькоў. Ды і як можна назваць бацькамі тых асоб, што з-за свайго ладу жыцця пазбаўлены бацькоўскіх правоў і нават не думаюць аплачваць сродкі на ўтрыманне сваіх крывіначак. Аб гэтым і многім іншым ішла размова падчас гутаркі па другой тэме дня інфармавання “Аб выкананні патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях» у Мінскай вобласці”.

— Тут галоўнае – не заставацца ўбаку, не праяўляць абыякавасць да падобных фактах, звяртаць увагу на дзяцей, што маюць патрэбу ў дапамозе, — заклікала Т. Карпік. — У нашых сілах зменшыць колькасць негатыўных фактаў у грамадстве. Мы можам уздзейнічаць словам на навакольны свет, заклікаць людзей стаць на шлях выпраўлення, вучыць іх на станоўчых прыкладах праз сродкі масавай інфармацыі.

Завяршылася сустрэча дыялогам, падчас якога Таццяна Валерыеўна адказала на пытанні журналістаў, што датычыліся работы радыёстанцыі «Мінская хваля» і ўмоў, створаных ва ўстанове для маладых спецыялістаў.

Алена МУРАЧ.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *