Корманарыхтоўка ва УП «АграМАЗ»

Ва УП “АграМАЗ” нарыхтоўка кармоў з траў першага ўкосу ідзе поўнасцю ў адпаведнасці з распрацаваным напярэдадні кампаніі планам. У работу ўключылася каля 30 работнікаў сельгаспрадпрыемства. Расслабляцца ж няма часу, бо нельга дапускаць, каб травы перастаялі і страцілі сваю каштоўнасць, ды і нарыхтаваць неабходна 16 тысяч тон кармоў, каб мець іх паўтарагадовы запас.

Аляксандр Слабко, Мікалай Каравы і Уладзімір Чысцякоў

У канцы мінулага тыдня, калі мы пабывалі ў гаспадарцы, там на ферме “Казлоў Бераг” ішла закладка чарговай, пятай траншэі сенажу з бабова-злакавых траў. Нарыхтавана ж было каля 5 тысяч тон сакавітага корму, з якіх 4800 – ямныя і 200 тон – у плёнцы. Работа на закладцы траншэі ідзе кругласутачна (на трамбоўцы занята 2 “Амкадоры” і К-700), вядзецца пастаянны кантроль якасці кармоў, сюды раз за разам прыязджаюць гружаныя падвяленай масай МАЗы і трактары. Пасля завяршэння закладкі траншэі на ферме ў Казловым Беразе механізаваны атрад чакаюць у Дулебах і Цярэсіне.
А ў полі тым часам рупяцца корманарыхтоўшчыкі. Скошаную і правяленую масу падбіраюць два камбайны – “Ягуар” і КВК, якія загружаюць чатыры МАЗы і шэсць трактароў. Работа ідзе ўвесь светлавы дзень, а каб яна была без стомы, удзельнікі кампаніі атрымліваюць гарачыя абеды, якія гатуюць повары ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас”.
У ліку корманарыхтоўшчыкаў – кіроўца “Ягуара” Аляксандр Слабко, вадзіцель МАЗа-6501 Мікалай Каравы і трактарыст МТЗ-1221 Уладзімір Чысцякоў.
З траў першага ўкосу, а яны сёлета даюць багатую ўраджайнасць, плануюць назапасіць каля 10 тысяч тон кармоў. Астатнюю частку ў роўнай прапорцыі складуць шматгадовыя травы другога і трэцяга ўкосаў, а таксама — аднагадовыя. У дадатак да сенажу, як закладзенага ў траншэі, так і закручанага ў рулоны, на зіму рагулі будуць таксама забяспечаны пад патрэбу сенам і кукурузным сіласам.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *