Крымінальная хроніка ад бярэзінскіх следчых

Проста пакатаўся

Невядомы ў перыяд часу з 14 па 15 сакавіка ўгнаў з дваровай тэрыторыі па вуліцы Прамысловай горада аўтамабіль “Мерседэс–Бэнц-208Д”, які належыць ПГУП “Фрэя плюс”, і пакатаўся на ім амаль да вёскі Капланцы.

А грошы ляжалі ў кашальку пад падушкай

З кватэры шматпавярховага дома па вуліцы М. Горкага Беразіно невядомы ў перыяд часу з 20 па 21 сакавіка выкраў 100 рублёў. Як злодзей трапіў туды і адкуль даведаўся, дзе гаспадыня хавае грошы, дагэтуль загадка для сышчыкаў і следчых.

Ізноў чарговая ахвяра кіберзлачынства

Заклікі супрацоўнікіаў праваахоўных органаў аб падвоенай асцярожнасці ў адносінах да абыходжання з банкаўскімі карткамі ізноў застаюцца непачутымі сярод бярэзінцаў. Тыдня не праходзіць, каб не павялічваўся спіс такіх злачынстваў у нашым раёне. 22 сакавіка чарговай ахвярай стала гарадская пенсіянерка. З яе картрахунку зніклі без сляда 837 рублёў. Схема вядомая —
даведаўшыся рэквізіты і праз несанкцыянаваны доступ праз інтэрнет да карт-рахунку зняць грошы.

Чым сцяг вінаваты?

Невядомы 25 сакавіка зняў з адміністрацыйнага будынка Багушэвіцкай амбулаторыі дзяржаўны сцяг, пашкодзіў яго і ўстанавіў паблізу сметніка.

Моцна выпіць хацела

Вечарам 24 сакавіка 43-гадовая жанчына прама з прылаўка магазіна “Копеечка” па Ленінскім завулку горада выкрала бутэльку піва аб’ёмам 1,9 літра коштам 2 рублі 79 капеек.

Пачаўся вясенні сезон крадзяжоў на вёсках

Стартаваў ён са злачынства ў аграгарадку Паплавы. Тут невядомы з агароджы домаўладання выкраў 5 лістоў металапрофілю коштам 120 рублёў.

А гэта ўжо каштоўныя металы

Невядомы з 28 па 29 сакавіка ўпотай спілаваў каталізатар з аўтамабіля “Опель Зафіра А”, які быў прыпаркаваны паблізу інтэрната па вуліцы Зялёнай горада. Урон налічвае 500 рублёў.

Сяргей ЖЫЛІЧ,
начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *