Крымінальная хроніка ад бярэзінскіх следчых

Прадавалі рэч на “Куфары”

24 верасня невядомы ў невядомым месцы з дапамогай інтэрнэту, купляючы рэч на “Куфары”, завалодаў рэквізітамі банкаўскай плацежнай карткі прадаўца і зняў з карт-рахунку 1900 рублёў!

За што зламалі сківіцы?

Бойка ўспыхнула яшчэ 17 жніўня ў доме па вуліцы Садовай вёскі Глухі Ток. Тут 19–гадовы юнак моцна збіў мужчыну і цяпер абвінавачваецца ў нанясенні цялесных пашкоджанняў.

Зачыняйце салон аўтамабіля!

24 верасня раніцай невядомы сцягнуў з салона незачыненага аўтамабіля, прыпаркаванага па вуліцы Мультана горада, пнеўматычны газабалонны пісталет замежнай вытворчасці коштам 100 рублёў.

“Прывід” на вуліцы Ленінскай

Тут за апошнія два тыдні верасня зарэгістраваны тры маёмасныя злачынствы. Так, спачатку злодзей выкраў у адным доме штаны, дзе ляжалі 80 рублёў, 10 пар шкарпэтак і 3 кілаграмы лівернай каўбасы агульным коштам у 150 рублёў. Затым у суседнім доме паквапіўся на прадукты харчавання, 2 пары шкарпэтак і тэлефонны апарат агульным коштам каля 50 рублёў.
Асоба падазронага была ўстаноўлена толькі ў трэцім доме. 35–гадовы, раней асуджаны, мужчына вынес адтуль мужчынскую дублёнку і пачак цыгарэт агульным коштам у 101 рубель.

“Я ж маці!”

На гэты раз на ганебнае званне прэтэндуюць адразу дзве кабеты, якія начыста забыліся пра сваіх крывіначак і ніяк не жадаюць развітацца з асацыяльным ладам жыцця. Так, адна з іх абавязана судом вяртаць расходы на ўтрыманне ў дзяржустановах дваіх сыночкаў. Аднак на працягу трох месяцаў звыш дзесяці дзён не паказвалася на працы.

“Шерше ля фам”

36-гадовая жанчына, будучы на дачы ў вёсцы Харчычы, не сумавала ў адзіноце, а выцягнула з кішэні курткі мужчыны, пакінутай на канапе, 100 рублёў. Няўжо спадзявалася, што небарака не заўважыць крадзеж?

Хто пакідае каштоўныя рэчы на дачы?

Невядомы трапіў у дачны дом вёскі Дзмітравічы і забраў адтуль з сабой тэлевізійную прыстаўку разам з пультам. Матэрыяльны ўрон налічвае 30 рублёў.

Сяргей ЖЫЛІЧ, начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *