Крымінальная хроніка ад бярэзінскіх следчых

Ізноў віной усяму сучасныя тэхналогіі?

Невядомы ў невядомым месцы з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі 21 снежня з выкарыстаннем чужых банкаўскіх рэквізітаў учыніў крадзеж з карт-рахунку 1070 рублёў.

Прыкладна па такім жа сцэнарыі дзейнічаў злодзей днём 24 снежня. Праўда, атрымаў патрэбныя банкаўскія рэквізіты зламыснік, калі прадставіўся пацярпеламу банкаўскім работнікам. Той жа ў сваю чаргу нічога не западозрыў і застаўся без 121 рубля, якія спрытна зніклі з банкаўскай карткі.

Ды і апусцеў на 623 рублі 26 снежня карт–рахунак 37-гадовай жанчыны. Выкраў іх невядомы ў невядомым месцы з дапамогай банкаўскіх рэквізітаў і сучаснай камп’ютарнай тэхнікі, які такім чынам учыніў несанкцыянаваны доступ да карткі пацярпелай.

Жанчыны — істоты каварныя

У гэтым пераканаўся на ўласным горкім вопыце 32–гадовы мужчына. Яго яшчэ ў сакавіку абрабавала спрытная кабета, якая паквапілася на 50 рублёў і звычайны мабільны тэлефон. Небарака нават не падазраваў у крадзяжы жанчыну, бо не ведаў, што яна была асуджана за маёмасныя злачынствы і мае непагашаную судзімасць.

Неспакойна зімой на дачах!

На працягу часу з 13 па 25 снежня невядомы трапіў у дачны дом па вуліцы Якуба Коласа. Тут яму вельмі спатрэбіліся 6 метраў пруткоў арматуры на суму 150 рублёў.

Святлодыёдная лямпачка і 200 грамаў сала

На гэтае няхітрае вясковае багацце спакусіўся 45-гадовы жыхар Мінскага раёна ў жылым доме вёскі Журоўка. А трапіў ён туды праз вынутае шкло ў раме. І хаця матэрыяльны ўрон налічвае ўсяго 7 рублёў 50 капеек, учыненае злачынства пагражае рэальным судовым пакараннем.

Абвінавачваецца жанчына

Яна днём 22 снежня адкрыта ўкрала бутэльку піва “Аліварыя залатая” аб’ёмам 1,9 літра і коштам 4 рублі 62 капейкі прама з прылаўка ў магазіне “Здравушка” па вуліцы Камсамольскай горада.

Сяргей ЖЫЛІЧ,
начальнік Бярэзінскага раённага аддзела
Следчага камітэта.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *