Крысціна Філічонак: “Хачу зрабіць горад здаровым і спартыўным”

Сёлета ў нашым раёне высадзіўся шматлікі дэсант маладых спецыялістаў з ліку наваяўленых работнікаў фізічнай культуры і спорту. Сярод іх асабліва вылучаецца Крысціна Філічонак. І зусім не таму, што ў свой час была выбрана прыгажуняй горада, а за актыўнасць і настойлівасць з першых дзён працы, няўрымслівую энергію і рашучы запал. Таму дзяўчына і стала гераіняй нашага вераснёўскага праекта. Яна не дала сабе часу расслабіцца пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і ўжо зараз поўным ходам шчыруе інструктарам у раённай дзіцячай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву.


— Я яшчэ ў час вучобы ў школе № 3 выбрала для сябе фізічную культуру і спорт як лад жыцця. Ды і ці магло б быць інакш з педагогамі гэтай установы. Ім удавалася амаль кожнага вучня ўцягнуць у спартыўныя заняткі і зарадзіць верай ва ўласныя сілы. Не раскрыю вялікі сакрэт, калі скажу, што дзякуючы ім, мая родная школа не адзін год была ў ліку лепшых навучальных устаноў па развіцці спорту. Ды і не пералічыць, колькі вучняў пайшлі па слядах педагогаў у фізкультурныя ВНУ. Не выключэннем стала і я.
— А ты тады ўяўляла, чым будзеш займацца?
— У людзей нашай прафесіі ружовых акуляраў няма, мы ўсе разумеем, што будучая справа цалкам залежыць ад нас, нашых уменняў і аўтарытэту, уласнай настойлівасці, пошуку новых формаў работы. Таму ніякага расчаравання наконт выбранага занятку ў мяне няма.
— Аднак чаму ты не засталася пакараць сталіцу?
— Я дакладна ведала яшчэ ў час вучобы ва ўніверсітэце, што вярнуся ў Беразіно на першае месца працы. Тут, на мой погляд, сярод родных, блізкіх, знаёмых, суседзяў і аднакласнікаў лепш за ўсё рабіць першыя крокі ў прафесію, рабіць першыя памылкі.
— А яны ўжо ёсць?
— Вядома ж. І тычыцца гэта не толькі таго, што тэарэтычныя веды далёкія ад практыкі, але і ўмення наладжваць работу з людзьмі. Здавалася б, чаго прасцей праводзіць заняткі па аэробіцы для жанчын. А паспрабуйце набраць групу ахвотнікаў! Па першым часе давялося даваць аб’яву ў сацыяльных сетках, тэлефанаваць знаёмым, каб прыйшлі на першыя заняткі. Вядома ж, не ўсё атрымалася так, як хацелася, але я ўжо сабрала адну групу і рэгулярна займаюся з ёю. Да наведвальнікаў падыходжу з асаблівым клопатам: падбіраю практыкаванні для кожнай групы мышцаў і музыку, складаю меню для жадаючых скінуць вагу і імкнуся здзівіць разнастайнасцю. Яны не скардзяцца — і гэта для мяне добры знак.
— Дык чаго не хапае? Інвентару ці вопыту?
— З інвентаром, дарэчы, у спартыўнай школе ўсё ў парадку, ды і ўмовы тут выдатныя. Паглядзіце, якая ў нас шыкоўная зала з люстэркамі, камфортныя раздзявальні і сантэхнічныя памяшканні. Але чаго гэта варта, калі ў людзей няма інтарэсу да свайго здароўя і актыўнага ладу жыцця. Але я рук не апускаю. Зараз спрабую сабраць групу з дзяцей дашкольнага ўзросту па агульнай фізічнай падрыхтоўцы з элементамі гімнастыкі. Наладзіць яе работу вырашыла пасля дэталёвага вывучэння заняткаў фізічнай культуры ў дзіцячых садках. Лічу, што тут ужо наспела неабходнасць не толькі ўзмацніць здароўе дзятве, але і наладзіць падрыхтоўку будучых спартсменаў. Спадзяюся ў гэтым пытанні на разуменне і дальнабачнасць бацькоў.
— Як бачым, ты не сядзіш склаўшы рукі і на цяжкасці на наракаеш.
— Гэта так. Скардзіцца і здавацца на літасць абставінам не ў маім характары. Тым больш, што я мяркую ажыццявіць сваю запаветную мару — наладзіць спартыўны цэнтр для заняткаў з дзецьмі–інвалідамі. Ведаю, гэта будзе няпроста. Але не баюся цяжкасцей і канкурэнцыі з боку калег, гатова мэтанакіравана крочыць да сваёй мары.
— Дык прызямліцца ці ўзляцець?
— І прызямліцца, і ўзляцець адначасова, каб ажыццявіць сваю мару і ўславіць родны горад. Тут мне ўсё дарагое, тут жывуць людзі, якія падтрымліваюць мяне, людзі, якім я хачу напоўніць новым актыўным сэнсам жыццё. Зразумела, што гэта бывае часам няпроста, бо я толькі пачынаю свой шлях у прафесію, але мне вельмі хочацца бачыць землякоў прыгожымі і здаровымі, прыўнесці новыя рытмы і фарбы ў іх размераны лад жыцця. Дзеля гэтага я гатова старацца для кожнага свайго наведвальніка.

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *