Своечасовы медыцынскі агляд, заняткі спортам і бадзёры настрой… Што яшчэ раяць медыкі бярэзінцам для захавання здароўя?

Аб дэмаграфічнай сітуацыі ў Бярэзінскім раёне за мінулы год

У раёне, як і ў краіне ў цэлым, распрацавана і дзейнічае Дзяржаўная праграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады”. На сёння дэмаграфічная сітуацыя складаная, як у краіне ў цэлым, так і ў нашым раёне. У большасці статыстыка сумная: за 2019 год нарадзілася 246 дзяцей, памерла ад розных прычын – 418 чалавек. Бо,сапраўды, пытанні дэмаграфіі складаныя. Іх нельга вырашыць за тыдзень, месяц, нават год. Гэта велізарная, мэтанакіраваная прафілактычная работа ўсіх службаў. Што рабіць, каб палепшыць дэмаграфічную сітуацыю, якая прафілактычная работа вядзецца ў раёне, ды і, увогуле, якая дэмаграфічная сітуацыя склалася за мінулы год?! Аб гэтым мы пагутарылі з галоўным урачом Бярэзінскай ЦРБ Крысцінай Крук.

Галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Крук раіць усім весці здаровы лад жыцця і своечасова праходзіць медыцынскі агляд

— Крысціна Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, якая дэмаграфічная сітуацыя ў нашым раёне склалася за мінулы год?
— Па аператыўных дадзеных, у Бярэзінскім раёне ў 2019 годзе нарадзілася 246 дзяцей, што на 17 менш у параўнанні з 2018. У гора-
дзе — 134 дзіцяці, у сельскай мясцовасці – 112. А памерла ад усіх прычын 418 чалавек — на 11 больш, чым у 2018. Адзначаецца рост смяротнасці сярод гарадскіх жыхароў – пайшлі з жыцця 145 чалавек (2018 — 118), і зніжэнне сярод сельскіх – памерла 40 чалавек. 227 мужчын і 191 жанчына.
— Атрымліваецца, што большасць памерлых – жыхары сельскай мясцовасці. Як Вы лічыце, чаму?
— Магчыма таму, што іншы раз, да прыкладу, пажылым людзям з сельскай мясцовасці складана дабрацца ў ЦРБ. Але і гэту праблему мы вырашылі: паспяхова працуе перасоўны медыцынскі комплекс. Гэта не проста ФАП на колах, а невялікі дыягнастычны цэнтр. У “бальніцы на колах” аказваецца комплексная медыцынская дапамога: пацыентаў можа агледзець доктар, нават акушэр-гінеколаг, зняць электракардыяграму, зрабіць ультрагукавое даследаванне, узяць аналізы, даставіць неабходныя медыкаменты…
— А якія прычыны смяротнасці ў “лідарах”?
— Традыцыйна, хваробы сістэмы кровазвароту — памерла 217 чалавек, новаўтварэнні — 51, «старасць» — 48, знешнія прычыны — 30.
— Раскажыце падрабязней, што “хаваецца” за тэрмінам — знешнія прычыны?
— Гэта 2 выпадковыя ўтапленні, 2 забойствы, 1 выпадак, звязаны з транспартным сродкам, 4 выпадковыя падзенні, 3 выпадковыя механічныя ўдушэнні, 2 няшчасныя выпадкі, выкліканыя ўздзеяннем дыму і агню, 1 пашкоджанне з нявызначанымі намерамі, 4 – іншыя траўмы. Але асабліва пужаюць дзве жахлівыя лічбы: ад атручвання алкаголем пайшлі з жыцця 6 чалавек (2018 — 7), а здзейснілі самагубства – 5 (2018 — 5).
— Ці можна як-небудзь вызначыць, што чалавек задумаў самагубства?
— Прааналізаўшы ўсе выпадкі суіцыдаў і парасуіцыдаў (спроб самагубстваў), можна адзначыць некаторыя заканамернасці. Мужчыны часцей, чым жанчыны, здзяйсняюць суіцыд. Колькасць суіцыдаў сярод сельскага насельніцтва вышэй, чым сярод гарадскога. Большасць самагубстваў учынена людзьмі працаздольнага ўзросту, з сярэдняй адукацыяй. Многія ідуць на такі адчайны крок у стане алкагольнага ап’янення. Такім чынам можна нават намаляваць партрэт чалавека, які схільны да суіцыдаў: мужчына, працаздоль-нага ўзросту (44+), але нідзе не працуе, альбо шчыруе на нізкааплатнай рабоце, злоўжывае алкаголем (раней злоўжываў), пражывае ў сельскай мясцовасці, не жанаты, адзінокі… Але гэта толькі “ўмоўны” партрэт. На жаль, скончыць жыццё самагубствам могуць і “сямейныя” людзі, у якіх, здавалася б, нават прадпасылак не было…
— А калі вярнуцца зноў да статыстыкі, колькі людзей памерла ў працаздольным узросце?
— Пайшлі з жыцця 82 чалавекі працаздольнага ўзросту. 68 мужчын і 14 жанчын. Сярод гарадскіх жыхароў — 34 чалавекі, сярод сель-скіх – 48. Прычыны смяротнасці: хваробы сістэмы кровазвароту — 26 чалавек, новаўтварэнні — 21.
І зноў жахлівая лічба – ад знешніх прычын памерла 18 чалавек. Большасць атруціліся алкаголем альбо скончылі жыццё самагубствам.
— Што ж рабіць, каб людзі навучыліся любіць жыццё і берагчы здароўе?!
— Пытанне складанае. Здаецца, і зараз праводзіцца шматгранная прафілактычная работа.
Мы сумесна з іншымі зацікаўленымі службамі раёна (РАНС, РАУС, сацыяльная сфера…) робім усё магчымае, каб прывучыць людзей клапаціцца аб сваім здароўі. Пытанні дэмаграфіі разглядаюцца на каардынацыйным савеце па дэмаграфічнай бяспецы. На іх, з удзелам намесніка старшыні райвыканкама, старшыні каардынацыйнага савета па дэмаграфічнай бяспецы Уладзіміра Навіцкага падрабязна разгледжаны многія злабадзённыя пытанні: смяротнасць людзей працаздольнага ўзросту на прыкладзе канкрэтных сельскіх Саветаў, вынікі працы кардыялагічнай і анкалагічнай службаў і шмат іншага… Мы пастаянна выступаем і ў школах, і на прадпрыемствах, і ў арганізацыях раёна. Нават выязджаем на прадпрыемствы, каб правесці медагляд, узяць неабходныя аналізы. У ЦРБ – мінімальныя чэргі, працуе талонная сістэма: можна трапіць да любога спе-цыяліста. Ды і абавязковыя медыцынскія агляды мы арганізоўваем так, што за дзень можна прайсці ўсіх урачоў, атрымаць рэкамендацыі, назначэнні. Сумесна з іншымі службамі рэалізуем праект “Беразіно – здаровы горад”, задача якога – навучыць людзей клапаціцца пра сваё здароўе. Адным словам, імкнёмся палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў раёне.
— Крысціна Аляксандраўна, магчыма, ёсць нейкі “рэцэпт” добрага здароўя?
— Ён зусім просты: весці здаровы лад жыцця, своечасова праходзіць медыцынскі агляд, выконваць рэкамендацыі ўрачоў і больш усміхацца! Таму жадаю вам, паважаныя бярэзінцы, бадзёрага настрою, толькі станоўчых эмоцый і, вядома ж, моцнага здароўя.

 

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *