Культурны калейдаскоп Бярэзінскай дзіцячай школы мастацтваў
“За белыми метелями”
“Снежная мелодыя” ў кожнага з нас свая, бо кожны шукае ў ёй свае ноты і матывы, водгукі сваіх зімовых пачуццяў і перажыванняў. Сваю ўласную мелодыю завей і снегу ў тон зімовага настрою прапанавалі бярэзінцам выкладчыкі і вучні дзіцячай школы мастацтваў падчас канцэрта “Снежная мелодыя”. Яна атрымалася такой стракатай і непаўторнай, што кожны глядач незалежна ад ўзросту атрымаў задавальненне і асалоду ад кожнага нумара.
— У гэтага традыцыйнага для нас канцэрта — нязменна жывая музыка і цудоўны настрой, які дорым нашым гледачам, — зазначае дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Наталля Сляпцова. – У нашым “снежным” канцэрце змешаны розныя жанры і стылі. Здзівілі мы паклоннікаў і дыяпазонам гучання звыклых, старадаўніх і навамодных інструментаў, танцавальнымі пастаноўкамі. Таму кожны творчы нумар — сімвалічны працяг сёлетняга зімовага хараства.
Застаецца нагадаць, што на канцэрце ўзнімалі настрой гледачам вакалісты Глафіра Цярэня, Наталля Сыч, Таццяна Калінка, Вольга Карповіч, Марыя Жолу-дзева, Мікалай Міхайлоўскі, ансамбль танца “Пестрый мир”, ансамбль “Арт-нюанс”, вакальны ансамбль “Стыль” і іншыя.
Са 100 балаў набрала 93
Вучаніца эстраднага аддзялення Бярэзінскай дзіцячай школы мастацтваў Марыя Жолудзева прыняла ўдзел у міжнародным конкурсе “World Art Games”, які праходзіў у Іспаніі. Ад удзельнікаў патрабавалася адправіць сваё канцэртнае відэавыступленне. Заяўкі падалі звыш 100 удзельнікаў ва ўзросце 13–15 гадоў з 25 краін свету.
Журы ў складзе дзеячаў культуры з сусветна вядомымі імёнамі было няпроста выбраць лепшых вакалістаў, якіх ацэньвалі па 100-бальнай сістэме. Непадробная манера выканання, чысты голас і пранікнёнасць спеваў вучаніцы Вольгі Літке-Палянскай былі заслужана адзначаны журы. Марыя набрала 93 балы са 100 магчымых і стала лаўрэатам I ступені. Педагогі школы мастацтваў перакананы, што гэта залатая ўзнагарода не стане апошняй, а натхніць дзяўчыну на новыя творчыя дасягненні.
Хто яны, бярэзінскія “Зоркі Ражства”?
У пачатку года сталі вядомы пераможцы адкрытага дыстанцыйнага вакальнага конкурсу “Зоркі Ражства”. Сярод іх аказаліся навучэнцы і педагогі Бярэзінскай раённай школы мастацтваў.
Так, званне лаўрэатаў III ступені журы прысудзіла Ксеніі Папковай, Соф’і Несцяровіч, Ксеніі Тукач. А вось дыпламантам I ступені стала Настасся Керына. Не застаўся без узнагарод і ўпадабаны бярэзінцамі вакальны ансамбль “Вецер надзеі” пад кіраўніцтвам Вольгі Карповіч. Багатая скарбонка яго ўзнагарод папоўнілася званнем лаўрэата III ступені.
Ды і не пакрыўдзіла журы юных вакалістаў, якія навучаюцца ў педагога Вольгі Літке-Палянскай. Званне дыпламанта ІІІ ступені прысуджана Аляк-сандры Звоннікавай, а лаўрэата I ступені – Марыі Жолудзевай. Разам з тым дзявочы дуэт прынёс Аляксандры і Марыі на дваіх яшчэ адзін дыплом лаўрэата III ступені.
Педагогі школы мастац-тваў перакананы: спіс узнагарод навучэнцаў будзе толькі расці. А натхняць іх на поспехі будзе талент выкладчыкаў, які таксама быў адзначаны на конкурсе. Так, Вольга Карповіч — лаўрэат I ступені, Мікалай Міхайлоўскі — II, а Таццяна Калінка і Наталля Сыч – лаўрэаты III ступені.
Навіны сабрала
Мілана ТРАПЯНОК.