“Лазурный” перажывае веласіпедны бум, а ў басейне – прафілактыка

У фізкультурна-аздраўленчых цэнтрах і спартыўных аб’ектах гэтым летам ціха: свае карэктывы ў планы бярэзінскіх аматараў здаровага ладу жыцця ўнесла пандэмія. Як жа ўдаецца спартсменам падтрымліваць форму і як працуецца ў “гарачы” час фізкультурна–аздараўленчым аб’ектам?

Вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў фізкультурна-аздараўленчага цэнтра «Лазурный» карыстаецца пракат веласіпедаў. Адміністратар Таццяна Хасіневіч выдае веласіпед пастаяннаму наведвальніку Юліі Быстровай

Так, у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Лазурный” раніцай у сераду было нешматлюдна. Не было людзей у трэнажорнай і спартыўнай залах, не відаць дзяцей і дарослых на адкрытых пляцоўках.
— У гэтым нічога дзіўнага няма, — тлумачыць адміністратар установы Таццяна Хасіневіч. — Наведвальнікі часцей прыходзяць у другой палове дня і бавяць час да позняга вечара. Шэсць разоў на тыдзень жанчыны займаюцца аэробікай, маладыя людзі прыходзяць у трэнажорную залу. Праўда, колькасць наведвальнікаў істотна скарацілася, удзень бывае ўсяго трыццаць чалавек.
Адчайвацца работнікі цэнтра не збіраюцца.

У плавальным басейне поўным ходам ідуць прафілактычныя работы: зараз тут чысцяць чашы ад асадку, затым зальюць і адфільтруюць ваду

— У нас прымаюцца выключныя меры прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Кожнаму наведвальніку вымяраецца тэмпература і прапануецца апрацаваць рукі антысептыкам. Чалавек з павышанай тэмпературай да заняткаў не дапускаецца. Рэгулярна, па некалькі разоў праводзіцца вільготная ўборка памяшканняў, — расказвае намеснік дырэктара фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Лазурный” Кацярына Акуліч. — Абавязковая ўмова для тэхнічнага персаналу – выкарыстанне сродкаў аховы. Для наведвальнікаў — гэта рэкамендацыя, а вось захаванне нормаў дыстанцыравання – абавязкова для
ўсіх.
Новыя правілы не палохаюць пастаянных наведвальнікаў. Тым жа, каму боязна, работнікі цэнтра прапануюць звярнуць увагу на адкрытыя пляцоўкі. Тут можна сям’ёй альбо невялікай групай пагуляць у вялікі тэніс, футбол, валейбол і баскетбол, адпачыць на дзіцячай пляцоўцы.
— Мы прапануем дзецям і дарослым пракат самага рознага турыстычнага і спартыўнага інвентару, – заўважае Кацярына Сяргееўна. — Так, у час пандэміі рэзка ўзрос попыт на пракат веласіпедаў.
Адзіны плавальны басейн у Беразіно закрыты на прафілактычныя работы.
— Згодна з патрабаван-нямі, кожны год праводзім прафілактычныя работы, – расказвае намеснік дырэктара раённай комплекснай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву Таццяна Булойчык. — Зараз чысцім чашы ад асадку, пазней — запоўнім вадой і адфільт-руем. Дарэчы, набытыя раней абанементы ў басейн застануцца сапраўднымі і пасля адкрыцця басейна.
А як жа юным спартсменам і дарослым не згубіць фізічную форму ў час пандэміі? Заняткі ў секцыях па футболе, грэка-рымскай барацьбе праходзяць рэгулярна ў спартыўнай зале, на гарадскім стадыёне і стадыёне бярэзінскай гімназіі, да паслуг дзяцей і дарослых — антывандальныя трэнажоры.
— Практычна ніяк не паўплывала пандэмія на работу трэнажорнай залы, — зазначае Таццяна Аляксандраўна, — адзінае, што дабавілася турбот інструктарам і тэхнічным работнікам. Двойчы на дзень абавязкова праводзім дэзынфекцыю. Мыем падлогу, апрацоўваем дзвярныя ручкі, трэнажоры.
У жніўні на базе ўстановы мяркуецца адкрыць спартыўны лагер “Алімпіец”.
— Усе нашы фізкультурна-аздараўленчыя аб’екты працягваюць работу ў час пандэміі, — зазначае спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Антаніна Звоннікава. — Наведвальнікаў значна менш, але мы не змянілі рэжым работы і не павялічылі цэны на паслугі.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *