Лепшы матэрыял аб пошце — у нашай Юліі Букель

Мінулы панядзелак стаў шчаслівым днём для адказнага сакратара нашай газеты Юліі Букель. Яна атрымала адразу два прэстыжныя дыпломы ад Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белпошта” і Мінскага філіяла РУП ”Белпошта”. Матэрыял нашага супрацоўніка пад назвай ”Бабуля, прыехала “пошта на колах!” Альбо як журналіст папрацавала паштальёнам” заняў першае месца ў конкурсе “Лепшы матэрыял аб пошце” ў групе “Раённыя друкаваныя СМІ” ў рэспубліцы і стаў трэцім у гэтай жа намінацыі ў вобласці.

— Такі двайны поспех стаў поўнай нечаканасцю для мяне, — прызналася Юлія Віктараўна, — я нават не спадзявалася, што маю публікацыю так шчодра адзначаць. Але ў сэрцы жыла пэўная надзея, бо рэдакцыя даўно і плённа супрацоўнічае з паштальёнамі Бярэзінскага раёна, сумесна мы праводзім Дні падпісчыка і пашыраем рады аматараў друкаваных СМІ.
Аднак перамога нашага адказнага сакратара не стала поўнай нечаканасцю для калектыву рэдакцыі.
— Юлія Віктараўна працуе ў рэдакцыі пасля размеркавання на факультэце журналістыкі БДУ чацвёрты год, — гаворыць пра яе намеснік галоўнага рэдактара Анатоль Палынскі. — Нягледзячы на адсутнасць вопыту, ёй была даручана адказная пасада, з якой яна добра спраўляецца. Ды не толькі гэтым узяла ў палон сваіх калег маладая, амбіцыйная журналістка. Яна падарыла новую творчую хвалю нашаму калектыву.
Чытачам раёнкі яна добра вядома цікавымі публікацыямі на самыя злабадзённыя тэмы, бо піша Юлія Віктараўна ўдумліва, жыва і эмацыянальна, прапускаючы праз сэрца кожны друкаваны радок, глыбока ўнікаючы ў сэнс праблем і дакладна падбіраючы кожнае слова. Так, яе рэйдавыя матэрыялы па прафілак-тыцы сямейнага бяззладдзя і пажарнай бяспекі б’юць трапна ў цэль парушальнікаў, прываблівае манера падачы сямейных старонак, дзе ёй суразмоўцы давяраюць свае патаемныя сакрэты сумеснага жыцця. Па сілах маладой журналістцы і больш сур’ёзныя тэмы. Яна даволі грунтоўна і сістэмна вядзе “Дэмаграфічную старонку” і рубрыку “Прадпрымальніцтва”, героі якой — пачынаючыя прадпрымальнікі. Ды і хапае ў яе сіл і часу з агеньчыкам пісаць на тэмы медыцынскай прафілактыкі, сацыяльнай абароны людзей. Дзе чэрпае яна новыя тэмы і творчы падыход?
— Усё вельмі проста, — гаворыць Юлія Віктараўна. — Іх падказваюць старанная праца і цікавыя людзі — падпісчыкі нашага выдання, якія лічаць сваім абавязкам падзяліцца цікавай інфармацыяй з упадабанай газетай. Дарэчы, чытаюць “Бярэзінскую панараму” не толькі ў Бярэзінскім раёне. Рэгулярна яе выпісвае мой бацька ў Астравецкім раёне, ён — мой самы галоўны крытык і прыхільнік, які глыбока перажывае за мяне і ніколі не даруе мне абыякавасці да справы.
Калектыў рэдакцыі шчыра радуецца поспеху свайго калегі і ўпэўнены, што наступная пачэсная ўзнагарода на яе прафесійным шляху не прымусіць сябе
доўга чакаць, зычыць Юліі Віктараўне новых творчых тэм, цікавых людзей, незабыўных сустрэч, творчага натхнення, непарыўнага прафесійнага росту і
павелічэння арміі прыхільнікаў з боку чытачоў. Таму, паважаныя бярэзінцы, не прапусціце будучы трыумф свайго ўпадабанага журналіста: выпісвайце раённую газету, сачыце за яе новымі публікацыямі і паведамляйце нам аб самым цікавым у вашым жыцці. Гэта прынясе вам радасць і ўмацуе аўтарытэт нашага выдання.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *