Лепшы падарунак на Новы год — зроблены сваімі рукамі

Ніводны калядны кірмаш не абыходзіцца без продажу сімвалаў надыходзячага года. Яны — найлепшы і танны падарунак блізкім, знаёмым і калегам. Ды і што лепш за сувенір зможа разнастаіць інтэр’ер кватэры альбо дома ў Каляды! Добра ведаюць аб гэтым бярэзінскія майстры, але ёсць сярод іх і тыя, якія лічаць самаробныя сімвалы года верным талісманам і надзейным аберагальнікам ад няшчасцяў на цэлы год.

Жанна Уэльская працуе загадчыцай Каменнаборскага сельскага клуба-бібліятэкі, а Таццяна Талочына – культарганізатарам гэтай установы. Вось ужо 7 гадоў іх ведаюць як майстрых па вырабе тэкстыльных лялек. Цяжка паверыць, але іх сумесная калекцыя налічвае ўжо амаль 300 рукатворных экзэмпляраў, сярод якіх няма падобных адзін на аднаго. Ды і зроблены лялькі ў самых розных тэхніках і маюць свой адметны характар.

— Яно і зразумела, бо стварэнне лялькі — справа не аднаго дня, — зазначае Т. Талочына, — трэба ўсё дэталёва прадумаць да драбніц —  ад матэрыялаў да колеру, якія павінны адпавядаць настрою. Ды і ўкласці патрэбна не толькі цярпенне і пэўны спрыт, але і душу. Толькі тады лялька будзе радаваць і ўздымаць настрой!

Спрачацца з гэтым не будзе кожны, хто набыў у гэтых майстрых “Пакетніцу”, “Чайніцу” і іншыя лялькі. А яшчэ ў калекцыі Таццяны Талочынай і Жанны Уэльскай — лялькі-аберагальніцы і траўніцы. Ды і нельга забыцца, што гэтыя бярэзінскія майстрыхі першымі ў раёне асвоілі выраб лялькі Цінды, з якой дзіця можа хутчэй пазнаваць гэты свет.

Сёлета іх калекцыя папоўнілася лялькамі ў вясельных уборах 30-40-50 гадоў мінулага стагоддзя.

— Работа зроблена каласальная, бо мы па старых чорна-белых фотаздымках працяглы час аднаўлялі фасоны вопраткі тых часоў, адшуквалі патрэбныя тканіны і аксесуары, выкрайкі і імкнуліся ва ўсім дасягнуць поўнага падабенства, — заўважылі жанчыны. — Думаем, у нас гэта атрымалася, бо вырабленыя лялькі цікавыя і пазнавальныя для ўсіх — ад дзятвы да людзей паважанага ўзросту.

Аднак не забыліся майстрыхі ў віхуры сваіх творчых спраў парадаваць бярэзінцаў сімваламі будучага 2021 года. На калядным кірмашы яны бойка гандлявалі магнітамі ў выглядзе забаўных бычкоў і каровак, вырабленых з фаамірану.

— І кожны з нас пры жаданні здольны стварыць свайго казачнага бычка ці кароўку, — лічаць Таццяна Талочына і Жанна Уэльская. — Усё залежыць ад вашай фантазіі і веры ў цуды!

— Сёння фааміран — самы папулярны матэрыял, які дазваляе вырабляць майстрам і пачынаючым рукадзельнікам усё, што заўгодна, — расказвае Жанна Уэльская. — Нездарма ж, ён называецца пластычная замша або гумавая папера. Для работы спатрэбяцца фааміран, шаблон, фарбы, клей, нажніцы, прас для нагрэву матэрыялу, нож ці стэка, дрот і бліскучая стужка. Варта ўсяго толькі акуратна выразаць дэталі і склеіць іх. Куды цяжэй зрабіць вушы казачным жывёлам. Адзін са спосабаў нагрэву — прыкладанне да паверхні праса, другі — апрацоўка фенам. Робячы вырабы з фаамірану сваімі рукамі, дапушчальна памыляцца, паколькі пры паўторным награванні матэрыял вяртаецца да пачатковай формы. Матэрыял здольны рэалізаваць любыя фантазіі. Было б толькі жаданне парадаваць творчымі шэдэўрамі сваіх родных і сяброў да свята!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *