«Лепшы зяць — ваенны»

Упэўнена і гучна на ўвесь свет заяўляе Раіса Каравая з Беразіно. У Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь яна з самай раніцы тэлефануе сваім зяцям — падпалкоўнікам. Яны абавязкова, насуперак усім абставінам, уважліва выслухаюць словы віншаванняў ад любімай цешчы, ды і ў дадатак паабяцаюць прыехаць да яе сем’ямі на выхадныя дні. Раіса Адамаўна — гасцінная жанчына і вітаць сваіх зяцёў будзе за шчодрым святочным сталом і з падарункамі.

-Памятаю, яшчэ дзяўчынай неяк апынулася ў барысаўскай вайсковай часці ў Печах, — успамінае жанчына. — Іду сабе паміж казармаў і думаю: “Вось бы мне выйсці замуж за ваеннага, яны ж такія прыгожыя, такія мужныя, такія адважныя”. Дзеля гэтага я не пабаялася б ездзіць па гарнізонах.

Аднак стройнага прыгажуна ў вайсковым адзенні Раіса так і не сустрэла. Затое лёс звязаў яе з самым звычайным мужчынам па тым часе.

— Нічым асаблівым не вылучаўся, а вось маё дзявочае сэрца моцна зачапіў, — гаворыць з любоўю жанчына. – Напэўна, сваёй сціпласцю, увагай і клопатам. Ён нават не адразу, а пасля некалькіх спатканняў прызнаўся, што служыць яму давялося ў Афганістане. Больш гутарак на гэту тэму ў нас не было, ды і ўспамінаць гады вайсковай службы мой суджаны не хоча. Мы з дзецьмі і не распытваем: навошта вярэдзіць душэўныя раны. Толькі ў сямейным альбоме шмат гадоў захоўваецца ўжо пажоўклы ад часу фотаздымак з яго прысягі.

Маладыя згулялі вяселле ў 1983 годзе, адна за другой нарадзіліся дачушкі Таццяна і Ганна. Аднак, што выберуць дзяўчаты ў мужы ваеннаслужачых, бацькі і падумаць не маглі.

— Малодшая Ганна яшчэ ў школе спаткала свайго суджанага, і сустракаліся маладыя да самага заканчэння хлопцам ваеннага вучылішча, — распавядае Раіса Адамаўна. — Я ўжо думала, што нічога з гэтага працяглага рамана не выйдзе, але пабачыўшы Дзмітрыя з букетам кветак, сама палюбіла яго з першага погляду. Ды і ён, пераадольваючы хваляванне, хутка назваў мяне “матуляй”.

Так называе жанчыну і другі зяць — Арцём Казлоў, якога яна таксама любіць і песціць як роднага сына.

— Як жа інакш? — прызнаецца жанчына. – Арцём па сцежках бацькі — падводніка — выбраў вайсковую службу і цяпер дастойна служыць у пагранічных войсках у Дзяржынску. Дзмітрый Заблоцкі скончыў ваенна-патрыятычны клас СШ №3 і зараз служыць у сталіцы. Вядома, па першым часе няпроста было маладым сямейным афіцэрам, бо доўга здымалі кватэры і перажылі шмат бытавых і жыццёвых нягод, але нам сваімі праблемамі не надакучвалі, па дапамогу не звярталіся. Ды і каханым жанчынам загадалі гэтага не рабіць. Сёння праблем былых няма, бо яны не толькі лепшыя па службе, але і руплівыя гаспадары, надзейныя мужчыны і клапатлівыя бацькі траіх дзяцей. У мяне шасцёра ўнукаў! Мая Айчына, мае дачушкі і ўнукі за такімі зяцямі пад надзейнай абаронай.

Часу зяцям хапае, каб не толькі навесці парадак у сябе, але і дапамагаць цешчы з рамонтам.

— Дзмітрый і Арцём — мае самыя надзейныя памочнікі ў хатніх справах, — гаворыць жанчына, — рукі ў іх працавітыя і залатыя, ды і сэрцы чуллівыя. За гэта трэба сказаць дзякуй іх бацькам, якія выгадавалі такіх добрых сыноў. А як яны да дзяцей сваіх ставяцца: дзяўчынак песцяць і шануюць, а хлапчукоў выхоўваюць у строгасці і працавітасці! Нават здзіўляюся часам, як на ўсё ў іх хапае часу, бо нярэдка ў вачах мужчын прабягае стомленасць. Таму ніводнай дачцэ не дазваляю скардзіцца!

У вялікім сямейным альбоме Каравых багата розных фотаздымкаў, але няма ніводнага, дзе б зяці былі ў вайсковай форме.

Фотаздымак з прысягі Міхаіла Каравага (1978 год)

— Яны, як і мой муж, не любяць гаварыць аб цяжкасцях вайсковай службы, — тлумачыць Раіса Адамаўна, — аберагаюць спакой сваіх родных, бо дастойна і мужна абараняюць свой афіцэрскі гонар і бязмежна любяць малую радзіму. У іх у планах ёсць намер калі-небудзь вярнуцца сюды.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *