Лепшыя бярэзінскія галоўныя аграномы

Што патрэбна, каб шчодра каласавала ніва?

Уладзімір Шагойка: “Упартасць селяніна заўсёды мае плён”

— Вырасціць багаты ўраджай збожжа на ўрадлівых палях, маючы пэўны набор тукаў, і ў лагоднае надвор’е — задача простая, а паспрабуй атрымаць трыццаць цэнтнераў на круг і болей, калі зямлю падкарміць удосталь не атрымліваецца, ды то падмарозіла, то прыпякло? — разважае галоўны аграном ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, уладальнік першага месца ў раённым спаборніцтве за высокія дасягненні на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2020 годзе Анатолій Шабан. – Тут ужо кемлівасць патрэбна, дакладны разлік, уласная ініцыятыва, вялікая адказнасць і, вядома ж, рызыка!

Усім гэтым Анатолій Уладзіміравіч валодае ў поўнай меры. Не першы год узначальвае рэйтынг лепшых аграномаў. Вопыту яму не пазычаць, ды і прафесіяналізму, і вернасці свайму сельгаспрадпрыемству таксама. Паспеў папрацаваць не з адным кіраўніком гаспадаркі і свае землі добра вывучыў. Яны асаблівай урадлівасцю не ўражваюць, але кожны год даюць нядрэнны ўраджай. Вось і сёлета ўраджайнасць выйшла да 30 цэнтнераў з гектара.
— А ўсё таму, што працаваць трэба не па падручніках і загадах, а зыходзячы са сваіх умоў і магчымасцей, не шкадуючы сіл круглы год, — падкрэслівае Анатолій Уладзіміравіч, – самому не трэба ленавацца, а паказваць добры прыклад работнікам.

Яўгеній Пілецкі: “Уся справа ў селекцыі, за ёй нашы будучыя важкія намалоты”

У асяроддзі аграномаў Яўгеній Пілецкі слыве наватарам. Дзякуючы яму, УП “АграМАЗ” каторы год надзейна ў тройцы лідараў на жніве. У гэтым годзе тут мелі на круг не менш за 30 цэнтнераў з гектара. Важкі гаспадарчы каравай дазволіць танна накарміць статак і прынесці даходы на будучыя эксперыменты Яўгенія Святаслававіча. А планы ў яго цікавыя — ад вырошчвання рэдкіх кармавых культур да насеннікаў шматгадовых траў.
— Мой сакрэт у селекцыйнай справе, — прызнаецца аграном. – Так, сёлета палеткі з азімым жытам гібрыднай замежнай селекцыі далі на круг 64 цэнтнеры з гектара! Дзякуй за гэта скажу ўсім нашым механізатарам, ды і кіраўніцтву, якое падтрымала. Думаю, у перспектыве заняцца селекцыяй збожжавых культур.

Анатолій Шабан: «Працаваць трэба не па загадах і падручніках. А зыходзячы з умоў і магчымасцей, не шкадуючы сіл»

А замыкае тройку лепшых аграномаў раёна гэтага года прадстаўнік філіяла “Ома” Уладзімір Шагойка. Сярэдняя ўраджайнасць палеткаў дасягнула амаль 40 цэнтнераў на круг, а жыта, нават 46 цэнтнераў!
— Такая залатая ніва на нашых пясчаных угоддзях бывае рэдка, — зазначае Уладзімір Рыгоравіч, — за 16 гадоў — другі раз. Сёлета ўсё супала — старанне механізатараў і лагоднае надвор’е, якое дало нашаму коласу ўдосталь наліцца.

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *