Лепшыя бярэзінскія маладыя вадзіцелі на адвозцы збожжа

Молада не зелена!

Аляксандр Валасевіч: “Мне прыемна будзе адправіцца на «Дажынкі» лідарам. Дарэчы, ім я быў прызнаны не ў першы раз!”

Вадзіцель МТЗ-952 ПСТ-9 Аляксандр Барысавіч Валасевіч з філіяла “Ома” гэтай вясной размяняў чацвёрты дзясятак. Сваё сталенне малады мужчына пацвердзіў сумленнай і плённай працай на жніве. Ён здолеў перавезці ад камбайнаў звыш 1020 тон збожжа і далёка абышоў сваіх вопытных калег.
— Прычынай гэтага стала багатая збожжавая ніва і тое, што я яшчэ працаваў памочнікам старшага камбайнера Аляксандра Міхайлавіча Валасевіча, — зазначае Аляксандр Барысавіч. — Таму разам што намалацілі, тое і перавезлі.

Канстанцін Жораў: “Быць вадзіцелем зможа кожны, а вось вызначыцца на жніве за рулём здольны не ўсе. Відаць, удача любіць нас, амбіцыйных і маладых!”

Хвацка ўварваўся ў жніўны рэйтынг маладых вадзіцеляў і прадстаўнік ААТ “Пагосцкі” Канстанцін Жораў. Яго вынік – 2036,8 тоны збожжа!
— Наша гаспадарка — традыцыйна кузня лідараў і тысячнікаў на жніве, — жартуе Канстанцін Аляксандравіч. — Таму працаваць на багатых пагосцкіх землях і не перавезці тысячу тон збожжа ў гэты сезон мне было б сорамна. Значыць, я прагультайнічаў, альбо машыну добра не адрамантаваў, альбо кароткія дарогі да збожжатока не ведаю!

Уладзімір Цішкевіч: “Дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць. Напэўна таму, амаль не адчуваў стомы пасля гарачага жніўнага дня, бо сумленна выконваў сваю работу, імкнуўся не падвесці таварышаў і літаральна «ляцеў» на жоўтае святло камбайнаў”

Ды і не падвёў магутны МАЗ вадзіцеля Уладзіміра Цішкевіча з СУП “Здравушка–агра”.
— У мяне вадзіцельскага вопыту хапае, ды і працую я ў роднай гаспадарцы, — гаворыць вадзіцель. – Таму амаль і не прыкмеціў, як перавёз 1738 тон
збожжа ад камбайнаў! На жніве важны гэты вынік, а ў звычайнай вадзіцельскай справе — яшчэ і кіламетраж. Ён у мяне часам дасягае 500 кіламетраў у
дзень!

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *