Лепшыя бярэзінскія старшыя камбайнеры і камбайнеры маладзёжных экіпажаў

“За “пагосцкімі” хіба ўгонішся?”

Так паміж сабой сёння жартуюць механізатары ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” Віталій Лепяшко і Васілій Палянскі. Яны вось ужо некалькі гадоў запар задаюць тон на жніве маладым хлебаробам, а сёлета ў апошні раз занялі першае і другое месцы ў спаборніцтве.

Васілій Палянскі: “Для мяне сёлетняе жніво знакавае. 15 жніўня нарадзілася другая дачушка. Назвалі Пелагея. Яна падарыла мне другое дыханне на будучыя працоўныя перамогі і на бліжэйшыя дзве тысячы збожжа!”

-У наступным годзе ўжо будзем змагацца за лідарства сярод вопытных земляробаў, – расказвае Васіль Васільевіч. — Жорсткай канкурэнцыі мы ніколькі не баімся. У свае трыццаць гадоў маем дастаткова вопыту і старання, ды і ўпартасці з лішкам. Інакш мы б другі раз запар не намалацілі звыш тысячы тон кожны!
Словы механізатараў — не пусты гук, бо яны працавалі на жніве, як кажуць, за дваіх, памочнікаў сабе не прасілі і сваімі рукамі выконвалі бягучы рамонт тэхнікі.

Віталій Лепяшко: “Працаваць ад званка да званка на жніве для мяне звычайна»

— Камбайны ў нас далёка не новыя, таму кожны гарачы дзень пачыналі з рамонту і зачысткі механізмаў, каб не дай божа не сапсавацца ў полі і не прастаяць упустую дзень, — гаворыць Віталій Іванавіч. — У дапамогу нам было і добрае надвор’е!

Дзяніс Тарасенка і Сяргей Пашкевіч: “І стары камбайн працаваць у руплівых руках можа плённа!”

Трэцюю пазіцыю ў рэйтынгу маладзёжных экіпажаў займаюць Дзяніс Тарасенка і Сяргей Пашкевіч з СУП “Здравушка-агра”. Яны ўпершыню прымалі ўдзел у спаборніцтве.
— Наш камбайн на жніве ўжо трынаццаты сезон, — удакладняе Сяргей Аляксандравіч. — Шмат часу спатрэбілася, каб яго адрамантаваць, адрэгуляваць і перабраць кожны механізм, пацець і старацца давялося доўга. Затое ён нас не падвёў — намалацілі тысячу і болей.
Зараз стары камбайн ужо разабраны і рамантуецца. На дзвярах машыны красуюцца трынаццаць выразаных з бліскучай паперы зорак. Так раней хлебаробы ўпрыгожвалі свае машыны з кожнай намалочанай тонай збожжа.
– Думаю, самы час аднавіць добрую традыцыю і давесці колькасць тысячных зорак да 20, — сказаў Дзяніс Аляксандравіч.

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *