Лепшыя бярэзінскія старшыя камбайнеры і камбайнеры

Ізноў у лідарах — Кашлачоў!

Вячаслаў Кашлачоў: “Сакрэт багатых намалотаў — хлебаробскае сумленне»

Гэта прозвішча — нязменны знак высокага хлебаробскага майстэрства і і бездакорнай вернасці роднай зямлі. Каторы год запар Вячаслаў Аляксеевіч намалочвае больш за астатніх земляробаў раёна і заслужана прызнаецца лідарам. Вось і сёлета ён разам з памочнікам Ільёй Салаўёвым першым на гэтым жніве намалаціў 1834 тоны.
— Сакрэту асаблівага ў мяне няма: ён навідавоку, — прызнаецца земляроб, — проста да сваіх тысячных нама-лотаў шлях пачаў яшчэ мінулым летам, калі старанна араў, апрацоўваў глебу і сеяў азімы і яравы клін. Працаваў, як умею, як мяне вучылі вопытныя хлебаробы.Не ленаваўся, ды і палёгкі сабе не прасіў, не хацеў, каб было сорамна за маю працу сям’і і роднай гаспадарцы. Ды і, відаць, пачулі мае просьбы ў нябеснай канцылярыі: надвор’е парадавала селяніна.

Уладзімір Сігаёў: “На новым камбайне і добрай ніве да дзвюх тысяч магчыма даімчаць. Будзем старацца!”

Усяго трох тон збожжа не хапіла да пагосцкага выніку экіпажу СУП “Здравушка–агра” ў складзе Уладзіміра Сігаёва і Ігара Капанца, іх вынік – 1831 тона збожжа. Гэта — вопытныя паплаўскія земляробы, якія даўно і зладжана працуюць на жніве.
— Сёлета шчыраваць у полі было няцяжка, бо збожжавыя магутнай ракой каласавалі і прасіліся ў жняярку, — гаворыць Уладзімір Міхайлавіч, — ды і наш новы камбайн паломак не ведаў, працаваў без прастояў і нам лішнюю хвіліну адпачыць не даў. Адсюль і наш раённы рэкорд!

Юрый Гоман: “Поспех заўсёды выбірае вопыт і старанне”

Ды і які рэйтынг лепшых камбайнераў без другога слаўнага экіпажа ААТ “Пагосцкі” ў складзе Юрыя Гомана і Уладзіміра Пархамца. Сёлета яны намалацілі 1466 тон збожжа.
— Гэта пакуль мой лепшы працоўны вынік на жніве, — расказвае Юрый Канстанцінавіч. — У 2018 годзе быў другім у раённым спаборніцтве з намалотам у 1082 тоны, а сёлета з памочнікам дасягнуў і большага. Напэўна, хлебаробскі поспех прыходзіць з вопытам і зямля-матухна дзякуе за вернасць і руплівасць.

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *