Лясныя ўцёкі

(Пачатак матэрыялу)

Далей, каб не падвяргаць сябе рызыцы быць выяўленымі з-за вялікай колькасці людзей, мы падзяліліся па сваяцкіх кланах, кожны з якіх выбраў сабе асобнае месца для стаянкі на значнай аддаленасці адзін ад другога. Былі зроблены шалашы і іншыя замаскіраваныя ўкрыцці ад магчымай паветранай разведкі. Так пачалося наша лясное жыццё.
Прайшоў першы тыдзень нашага знаходжання ў лесе. Пастаянна захоўвалі маскіроўку. Асабліва ад бамбёжак. Кастры палілі толькі ўначы, і так, каб агню не было зверху відаць. А то раз дзядуля расклаў вогнішча, і на яго адразу з праляцеўшага самалёта ўпала некалькі снарадаў. Напэўна, немцы палічылі, што раз у лесе гараць кастры, значыць, гэта партызаны. На шчасце, бамбёжка ахвяр не нарабіла. А вось з той пары сваю маскіроўку мы яшчэ больш узмацнілі.
Усіх стаў мучыць голад. Сціплыя прыпасы паступова закончыліся. Ды і якія яны былі! Некаторыя харчы людзі пакідалі ў час уцёкаў, каб было лягчэй бегчы. Грыбоў і ягад у лесе яшчэ не было. Цэлымі днямі займаліся пошукамі ежы. Камусьці ўдавалася ўпаляваць гадзюку ці вужа, вожыка, знайсці птушыныя яйкі. Збіралі кісліцу – так званую зайцаву капусту. Варылі яе ці проста елі сырой. Хто-небудзь з найбольш смелых па начах прабіраўся ў вёску і здабываў там са старых схованак крыху бульбы або зерня. Асабліва пакутавалі маленькія дзеці – плакалі, а іх усялякім спосабам прымушалі маўчаць і не парушаць цішыню.
Не вытрымаўшы такой сітуацыі, на сямейным савеце вырашылі, што бабуля з маёй сястрычкай павінны вярнуцца ў вёску. Маўляў, што зробяць немцы са старой ды малой. А там яны ўсё ж могуць пратрымацца. Як мне потым расказвалі, дабраліся яны да вёскі ўвечары.
А праз які час прыйшлі фашысты і паліцаі і сагналі ўсіх у канюшню, дзе ўжо знаходзілася з два дзясяткі людзей. На пытанні затрыманых аб тым, што з імі зробяць, адказвалі, што спаляць або ў лепшым выпадку расстраляюць за тое, што збеглі да партызанаў, не выканалі загад нямецкага камандавання аб эвакуацыі.
А мы працягвалі жыць у лесе. Памятаю, позна вечарам ляжу ў шалашы, чую гул самалётаў. “Мама, — пытаюся, — а гэта нямецкія ці нашы?” “Нашы”, — адказвае тая. І на сэрцы станавілася лягчэй: значыць, хутка вызваленне. Сапраўды, самалёты можна было распазнаць па гуку, і дарослыя ўмелі гэта рабіць.
Аднойчы мы з маці знайшлі вялікі баравік. Нават здзівіліся, адкуль ён з’явіўся, бо пачынаюць расці яны не раней ліпеня. Відаць, Бог дапамог. Якая радасць была ад той знаходкі!
З яго зварылі суп незвычайнай смакаты і… жыццё працягвалася. Па начах чулася артылерыйская кананада. З кожным днём станавілася яна ўсё мацнейшай. А дзесьці ў пачатку ліпеня яна пачала раздавацца ўжо з захаду, а не з усходу, як раней. Кананада працягвалася яшчэ некалькі дзён і потым прапала, толькі часта лёталі самалёты. А яшчэ праз пару дзён да нас прыбеглі дзве жанчыны і гучна, што было для нас нязвычным, пачалі крычаць: “Чаго вы тут сядзіце? Ідзіце дамоў, нашы прыйшлі!” Вось гэта была навіна!
Мы хутка ўсё “звярнулі” і паімчаліся ў вёску.
Дом наш быў цэлым, а ў доме… — бабуля і Люся. Жывыя! Якая гэта была радасць! Немцы ў спешцы беглі, ім ужо не было часу займацца расстрэламі, рабаваннем, падпаламі. Яны “валодалі” сітуацыяй, ведалі, што трапілі ў “кацёл” – і галоўнай задачай было вырвацца з яго. Таму ім было ні да сагнаных у хлеў людзей, ні да збеглых у лес вяскоўцаў. Усе і засталіся жывымі, і мы пачалі абжывацца ў новых для нас умовах.
Пасля апісаных мною падзей прайшло ўжо шмат гадоў. Мы часта з аднавяскоўцамі ўзгадвалі іх. Адным з герояў успамінаў быў і я. Сапраўды, нашы ўцёкі з вёскі і лясное жыццё, поўнае трывог і нястач, вельмі востра ўрэзаліся ў маю дзіцячую памяць і суправаджалі мяне колькі дзе-сяцігоддзяў. Так, вайну забыць нельга.І якое шчасце, што вось ужо 75 гадоў няма яе ў нашай роднай Беларусі!

Матэрыял падрыхтаваў Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *