Любімы муж і цудоўны тата

23 лютага са святам Сяргея Вальчэўскага з самага ранку павіншавалі любімая жонка Наталля і тры дачушкі – Валерыя, Таццяна і Мая.

Вечарам 23 лютага звычайна вялікая сям’я Вальчэўскіх збіраецца за святочным сталом

І гэта нядзіўна, для Сяргея Валер’евіча 23 лютага асаблівае свята. Мужчына зараз служыць начальнікам Бярэзінскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС. У свой час праходзіў службу ў арміі – ва ўнутраных войсках.

— І ведаеце, мне асабліва прыемна, што жонка і дачушкі ствараюць для мяне сапраўднае свята. Па добрай традыцыі, якая склалася ў нашай сям’і, дачушкі дораць паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі. І абавязкова пішуць віншаванне ад рукі.

Вечарам 23 лютага вялікая сям’я Вальчэўскіх збіраецца за святочным сталом. Наталля разам са старэйшымі дзяўчатамі рыхтуюць святочную вячэру. Калі Сяргей доўга не затрымліваецца на працы, абавязкова дапамагае ім.

— За святочным сталом мы пераглядаем паштоўкі, якія дарылі дачушкі ў розныя гады. А яшчэ гартаем мой армейскі альбом. Згадваю службу ў арміі, сяброў, якіх, вядома ж, віншую ў гэты дзень, — дадае Сяргей Валер’евіч. – І ведаеце, я тады з радасцю ішоў служыць. Нават не было і думкі, што не пайду. Наадварот – хацеў звязаць сваё жыццё з міліцыяй, таму мэтанакіравана пасля заканчэння Клічаўскага ліцэя выбраў службу менавіта ва ўнутраных войсках у Гродзенскім батальёне. Там жа, у арміі, я і захапіўся спортам, а дакладней – дзюдо. І зараз – гэта маё хобі! Некалькі разоў на тыдзень наладжваю заняткі па дзюдо і для школьнікаў. Каб больш часу праводзіць з дачушкамі, імкнуся і ім прывіць любоў да гэтага віду спорту. Але ў нас з жонкай такі прынцып у выхаванні: дзеці самі павінны выбіраць, чым хочуць займацца. Мы проста ім можам параіць, падказаць, паказаць уласным прыкладам, як лепш рабіць.

Аказваецца, Сяргей з жонкай Наталляй разам ужо не адзін дзясятак гадоў. Дружна гадуюць траіх дачушак. Наталля працуе медыцынскай сястрой у Бярэзінскай ЦРБ, зараз — у дэкрэтным водпуску. Самай малодшай дачушцы Валерыі – няма яшчэ і годзіка. Яна – любіміца ўсёй сям’і, гарэза і непаседа. Таццяна вучыцца ў 5 класе. А Мая – у 10. Старэйшыя дзеці дапамагаюць бацькам у выхаванні маленькай Валерыі.

Жывуць Вальчэўскія ва ўласным доме.

— Мы доўга марылі аб уласным доме, — заўважаюць гаспадары. – І яшчэ адно: абавязкова хацелі, каб у нашым доме была печ, дзе можна гатаваць ежу, з “ляжанкай”, каб пагрэцца. Мары ажыццяўляюцца. Маем уласны дом з сапраўднай печчу. Любім у ёй гатаваць усе разам смачную бабку! Так, мы на ўласным прыкладзе прывучаем дзетак да працы. Яны з самага дзяцінства ведаюць, што толькі той, хто працуе, той і мае. У старэйшых – ёсць свае абавязкі па гаспадарцы, з якімі яны паспяхова спраўляюцца.

-Вядома ж, мы любім праводзіць час разам, — працягваюць Сяргей і Наталля. — Самы любімы занятак, які нас аб’ядноўвае, прагулкі на свежым паветры. Мы гадзінамі, калі дазваляе час, можам гуляць па горадзе, гутарыць, абмяркоўваць планы.

— Так, калі толькі дазваляе час! – дадае Сяргей. – На жаль, я іншы раз суткамі прападаю на працы. І ведаеце, зараз разумею, наколькі важна знайсці, сапраўды, сваю другую палову, свой надзейны “тыл”. Мне пашчасціла з Наталляй: яна самая лепшая жонка, добрая гаспадыня і любячая матуля. Дзякуючы ёй, дома заўсёды цёпла, утульна.

— Я ўжо прывыкла да напружанага графіка мужа. Разумею, што ў яго такая служба, — заўважае Наталля. — І ведаеце, з упэўненасцю магу сказаць, мне таксама пашчасціла з мужам. Ён — наш надзейны, самы лепшы абаронца, дарадца, падтрымка, любімы муж і клапатлівы тата.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота з уласнага архіва сям’і Вальчэўскіх.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *