«Любо, братцы, любо, Любо, братцы, жить»

Казацкі хор, канцэрт калектыву раённага цэнтра культуры, выставы дэкаратыўна–прыкладной творчасці…  Што яшчэ было ў культурнай  афішы для бярэзінскіх выбаршчыкаў?  

З самай раніцы каля выбарчых участкаў літаральна кіпела жыццё і было шматлюдна. Людзі ішлі на выбары  як на свята, прыгожа апранутыя,  цэлымі сем’ямі, з дзецьмі і  ўнукамі. Падтрымлівала іх святочны настрой і ўпэўненасць у заўтрашні дзень сваёй краіны добра прадуманая  культурная праграма.

Так, тон ходу выбараў у горадзе задавалі на спецыяльнай сцэне ў цэнтры горада спевы  вакалістаў дзіцячай школы мастацтваў. Тут табе і залаты голас Мікалая  Міхайлоўскага, і душэўная песня Наталлі Сыч, і мілагучная — Таццяны Калінкі,   віртуозныя музыканты Настасся Барысёнак і Андрэй Галуза. Эстафету ў іх прыняў казацкі хор «Бацька Атаман”. Калектыў гэты прафесійны, з’яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў і ўладальнікам Гран-пры першага міжнароднага конкурсу-фестывалю «Лейся, казачья песня”.  Такі поспех слаўным казацкім танцорам і спевакам прыйшоў, дзякуючы іх жывой і пластычнай манеры выканання,  чыстым галасам і ўнікальнай энергетыцы, якой яны шчыра дзеляцца на сцэне. Нездарма ж, добра  вядомыя і новыя песні знайшлі жывы водгук у сэрцах бярэзінцаў. Створаная казацкім хорам атмасфера пасавала настрою бярэзінцаў прыняць удзел у майстар–класе разьбы  па дрэве ад народнага майстра Беларусі Яўгена Восіпава і набыць у яго сімвал-брэнд Бярэзіншчыны – драўляную лыжку.

Не сумавалі выбаршчыкі і на іншых участках.  Так, у СШ№3 выбаршчыкаў віталі пад калакольны звон і запрашалі жадаючых пазнаёміцца  з выставай духоўнага накірунку. У  аграгарадку Косаўка  для вяскоўцаў наладзілі лаўнж–зону з яркімі драўлянымі канапамі. Тут можна было не толькі адпачыць,  але і  зрабіць дзіцяці аквагрым,  згуляць  у шашкі, пазнаёміцца з  бібліятэчнай выставай і, вядома, паслухаць канцэрт самадзейных артыстаў Косаўскага СДК.

— Пералічваць усё, што падрыхтавалі работнікі культуры выбаршчыкам у асноўны дзень галасавання можна доўга, — тлумачыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы,  культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Сакалоўская. —  Тут і разнастайныя канцэрты,  і выставы, і майстар-класы, і квэст–гульні, у якіх задзейнічаны як вопытныя музыканты, спевакі і майстры, так і маладыя. Рабілі яны ўсё гэта са шчырай душой і жаданнем  настроіць людзей на пазітыў.

Бярэзінцы высока ацанілі намаганні культработнікаў. Так, доўга не заканчваліся танцы ў аграгарадку Косаўка,  у Жорнаўцы ад душы  апладзіравалі вакальнаму калектыву «Нам года  — не беда!”, а ў горадзе гучным рэхам падпявалі артыстам. Нават бусел  прыляцеў  і сеў на адну з устаноўленых веж сцэны. Птушка велічна аглядзела ўсё навокал і нават махала крыламі ў такт музыцы. Магчыма, у гэтым добры знак,  знак  нашага далейшага росквіту і дабрабыту раёна.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ і Алены МУРАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *