М. Каўзуновіч: “І сябрую, і супрацоўнічаю!”

Марына Каўзуновіч — чарговая пераможца рэдакцыйнага розыгрышу і ўладальніца абанемента ў басейн.

— Маё жыццё цесна звязана з раённай газетай! Выпісваю даўно, а гады тры ўжо і цесна супрацоўнічаю з калектывам рэдакцыі, — расказвае Марына Каўзуновіч

— Нечакана! Якраз была на сесіі, вучуся ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, праглядала навіны ў сацыяльных сетках, заўважыла, што падвялі вынікі розыгрышу. Бачу, што і мой падпісны квіток названы сярод пераможцаў! – пачынае гутарку Марына Аляксандраўна.

— Можна сказаць, што мая працоўная дзейнасць не-парыўна звязана з раённай газетай. Я мясцовая. І пасля заканчэння сельскагаспадарчай акадэміі пачынала працаваць у ААТ “Пагосцкі” галоўным эканамістам, там жа была пэўны час старшынёй прафсаюзнай пярвічкі. І заўсёды з энтузіязмам удзельнічала ў большасці раённых свят. Затым пэўны час працавала ў Бярэзінскай ЖКГ. А вось ужо амаль тры гады з’яўляюся старшынёй раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу. І з журналістамі раённай газеты плённа супрацоўнічаю. Разам ушаноўваем пераможцаў па-сяўной, уборачнай кампаній, лепшых працаўнікоў вёскі, юбіляраў, ветэранаў працы… Я бачу, наколькі няпроста быць журналістам: гэта ж патрэбна, да прыкладу, паўдзельнічаць у свяце, сфатаграфаваць, затым – пераасэнсаваць убачанае і выдаць матэрыял. І напісаць так, каб, як кажуць, матэрыял кранаў, каб чытаўся на адным дыханні. Бясспрэчна, радуюся і творчым перамогам журналістаў. Асабліва запомнілася, што ў мінулым годзе калектыў рэдакцыі заняў першае месца ў рэспубліканскім конкурсе “Жатва: і хлебам адзіныя”, які прымеркаваны якраз да ўборачнай кампаніі.

Гэтай перамозе радаваліся, напэўна, усе працаўнікі вёскі. Часта выязджаю ў працоўныя калектывы, гутару з людзьмі. Многія выпісваюць і чытаюць раёнку, а затым абмяркоўваюць артыкулы. Ведаю, што многія артыкулы вяскоўцы захоўваюць у сваіх архівах. Нядаўна, да прыкладу, віншавалі юбіляра, ён гаварыў, што прачытаў у раёнцы: адна сямейная пара разам 56 гадоў, а яны з жонкай разам ужо нават і больш за 56! І шчыра прызнаюся, мне самой вельмі прыемна, калі людзі расказваюць, што ім спадабалася ў раёнцы, што зачапіла!

Ёсць у Марыны Аляксандраўны і свой архіў “Бярэзінскай панарамы”. Там змяшчаюцца самыя дарагія сэрцу матэрыялы. Сярод іх асаблівае месца займае артыкул пра дзядулю Аляксандра Якімчыка, які ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне.

— Для мяне гэта памяць! Удзячна калектыву рэдакцыі за гэта. Што яшчэ змяшчаецца ў сямейным архіве? Здаецца, усе матэрыялы па сельскай гаспадарцы, — дадае М. Каўзуновіч. – Мне падабаецца, як тэму раскрывае прафесіянал сваёй справы, вопытны журналіст Анатоль Палынскі. Менавіта з ім цесна і супрацоўнічаем.

А ўвогуле, усё люблю чытаць у любімай раёнцы! Тут жа змяшчаюцца мясцовыя навіны, якія датычаць кожнага з нас. З рубрык падабаецца “Ваша слова, чытачы”. Цікава пачытаць, што думаюць бярэзінцы наконт таго альбо іншага пытання. Не абмінаю ўвагай і спартыў-ную тэматыку. Радуюся поспехам, перамогам нашых спартсменаў. Зараз у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Лазурный” праходзяць спаборніцтвы па валейболе. І я таксама ўдзельнічаю.

Чытаю “свежыя” навіны і на старонках выдання ў сацыяльных сетках, на сайце раёнкі. Там вабяць яркія фотаздымкі. А вось за арты-куламі звяртаюся да друкаванай версіі газеты.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *