Маніторынг захавання правілаў аховы працы правялі ў гаспадарках Бярэзіншчыны

Спрыяльныя ўмовы надвор’я сёлетняй вясны дазволілі крыху раней, чым звычайна, прыступіць аграрыям нашай рэспублікіь да пачатку сяўбы ранніх зерневых і каласавых культур. Выйшлі на палеткі і прыступілі да цэлага комплексу работ на іх і гаспадаркі Бярэзіншчыны. Гэта не толькі сяўба і падрыхтоўка глебы, а і ўнясенне арганікі, закрыццё вільгаці, хімахоўныя і іншыя работы па доглядзе пасеваў. Спраў увесну, як заўсёды, шмат.

Іх пачатку ў гаспадарках папярэднічаў не менш важны цыкл падрыхтоўчых работ. Перш за ўсё, гэта рамонт і падрыхтоўка трактароў і землеапрацоўчых агрэгатаў, пастаноўка іх на лінейку гатоўнасці з наступным падпісаннем пашпартоў гатоўнасці. Наступным крокам стала праверка сапраўднасці вадзіцельскіх і механізатарскіх пасведчанняў на кожную адзінку тэхнікі. Да працы на ёй былі дапушчаны толькі работнікі, якіямаюць адпаведную кваліфікацыю, прайшлі ва ўстаноўленым парадку медыцынскія агляды, навучанне, стажыроўку, інструктаж і праверку ведаў па пытаннях аховы працы. Да таго ж, з усімі работнікамі, занятымі на пасяўной, праведзены пазапланавыя інструктажы па тэхніцы бяспекі і ахове працы. Для іх закуплена спецадзенне, а для тых, хто заняты работай з ядахімікатамі, — да таго ж рэспіратары і іншыя сродкі індывідуальнай абароны.
Таксама да выхаду ў поле ў кожным сельгаспрадпрыемстве з механізатарамі былі праведзены сходы, на якіх паралельна з вышэйназванымі пытаннямі разглядаліся ўмовы арганізацыі працы і яе аплаты, агучваліся даводзімыя нормы штозменнай адпрацоўкі і матэрыяльныя стымулы за яе перавыкананне.
Ну, а якая праца без добрага падсілкавання? Тым больш, што са стартам сяўбы ў аграрыяў аб’яўлены падоўжаны рабочы дзень — з 7 гадзін раніцы да 19. Гэтая праблема таксама была станоўча вырашана да пачатку масавых работ. Большасць гаспадарак харчаванне ўдзельнікаў кампаніі арганізавала ва ўласных сталовых і катлапунктах, ААТ “Першамайскі” і сельгасфіліял “Здравушка-агра” будуць карыстацца паслугамі прадпрыемства грамадскага харчавання, а работнікаў ААТ “Пагосцкі” і ўнітарнага прадпрыемства “АграМАЗ” гарачымі абедамі традыцыйна будзе забяспечваць ААТ “Бярэзінскі”.
У ліку мер, якія прымаюцца ў кожным калектыве для папярэджання няшчасных здарэнняў, прадугледжаны штодзённая праверка на алкатэсце механізатараў перад іх выездам у поле, выбарачна ў час работы і ў канцы змены. Алкатэстамі, якія прайшлі своечасовую паверку, забяспечаны ўсе гаспадаркі раёна.
Кантроль за захаваннем норм аховы працы ажыццяўляецца не толькі на месцах спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў. Арганізаваны ён і з боку раённых структур. Так, яшчэ да пачатку сяўбы, 12 сакавіка, унітарнае прадпрыемства “АграМАЗ” з праверкай наведалі члены мабільнай групы пры раённым выканаўчым камітэце. Гэтымі днямі штотыднёвыя маніторынгі праверкі захавання норм аховы працы праводзяць спецыялісты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Так, у час апошняга выезду ў полі іх зроку былі ААТ «Уша», «Першамайскі», «Багушэвічы», «Бярэзінскі райаграсэрвіс» і сельгасфіліял «Здравушка-агра». У цэлым за час кампаніі кожная з гаспадарак будзе наведана не менш як двойчы. Дадатковы комплекс кантрольных мер прадугледжаны ў ходзе арганізаванага з 27 сакавіка абласнога месячніка бяспекі ў сельскай гаспадарцы.
У цэлым, як падкрэсліваюць адказныя за ахову працы спецыялісты райсельгасхарчу, у раёне ажыццёўлены ўсе захады для безаварыйнай работы на сяўбе і папярэджвання падчас кампаніі няшчасных выпадкаў. Найбольш поўна ў гэтым напрамку папрацавалі такія калектывы, як сельгасфіліялы “Арэшкавічы”, “Ома” і “АграМАЗ”, а таксама адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Уша” і “Першамайскі”. Выяўляемыя ў ходзе маніторынгаў нязначныя недапрацоўкі і заўвагі на месцах аператыўна выпраўляюцца.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *