Масленічны тыдзень пачынаецца на Бярэзіншчыне

Масленіца – адно з нямногіх старажытных язычніцкіх свят праводзін зімы, якія былі прыняты хрысціянствам. Масленічны тыдзень пачынаецца за тыдзень да пачатку Вялікага Посту. У гэтым годзе – з 24 лютага па 1 сакавіка. Масленіцу адмяніць не можа ніякая нябесная канцылярыя: ні плюсавая тэмпература на вуліцы, ні бясснежная зіма.

Масленіца – гэта гарэзлівае і вясёлае развітанне з зімой і сустрэча вясны, якая нясе ажыўленне прыродзе і сонечнае цяпло. Людзі спрадвеку ўспрымалі вясну як пачатак новага жыцця і шанавалі Сонца, якое дае жыццё і сілы ўсяму жывому. У гонар Сонца спачатку пяклі праснакі, а калі навучыліся гатаваць цеста з закваскі, сталі пячы бліны. Нашы продкі верылі, што разам з круглым, румяным бліном, так падобным на сонца, яны з’ядаюць часцінку яго цяпла і магутнасці.


Падчас Масленіцы гулянні працягваліся ўвесь тыдзень. Ніводнае свята не праходзіла так весела і разгульна. Лічылася, што калі ўволю не пацешыцца на Масленіцу, – жыць у горкай бядзе.


Так, у панядзелак наладжвалі праводзіны зімы і сустрэчу вясны. Нават бліны, круглыя, румяныя, гарачыя, быццам сонейка, якое пачынае больш свяціць з прыходам вясны. У гэты дзень збіралі салому і старое адзенне і ладзілі пудзіла Масленіцы, якое стаяла на працягу ўсяго свята. У аўторак – не абысціся без зайгрышаў. З раніцы маладыя людзі запрашаліся катацца з гары і пачаставацца блінамі. Каб запрасіць на Масленіцу, гаспадары казалі: “У нас горы снежныя гатовыя і бліны спечаныя — запрашаем!”. У сераду ўвага надавалася ласункам. У гэты дзень зяць прыходзіў ласавацца цешчынымі блінамі.

Напэўна, ад гэтага звычая пайшоў выраз: “да цешчы на бліны”. Чацвер – дзень разгулу. Яго таксама называюць Шырокі ці Масленічны чацвер. Напэўна, самы цікавы дзень. У чацвер пачыналіся Масленічныя гулянні: уладкоўваліся катанні на конях, разнастайныя спаборніцтвы, а потым захоп снежнага гарадка. А што самае цікавае — палілі кастры і спявалі песні:

 А сёння ў нас Масленка,
А сёння ў нас Масленка, Масленка,
Ой, лялю, рана, Масленка, Масленка!
А з-пад куста ластаўка, ластаўка,
Ой, лялю, рана, ластаўка, ластаўка.
Сядзіць яна высока-высока,
Ой, лялю, рана, высока-высока.
Бачыць яна далёка-далёка,
Ой, лялю, рана, далёка-далёка.

Пятніца — традыцыйна цешчыны вячоркі. У гэты дзень ўжо цешча ішла да зяця ў госці, каб ён мог прадэманстраваць ёй сваю любоў і пачаставаць блінамі. А часцей, напэўна, каб жыццё мёдам не здавалася, цешча прыходзіла з сяброўкамі і сваякамі. У суботу святкаваліся залоўчыны вячоркі. У перадапошні дзень святочнага тыдня маладыя дзяўчаты клікалі да сябе сябровак. Замужняя жанчына абавязкова клікала да сябе залоўку, а калі тая была не замужам, то прыводзіла з сабою таксама вольных сябровак.


Нядзеля ўсім вядома, як даравальная нядзеля. Гэты дзень быў прысвечаны дараванню ўсіх грахоў перад Вялікім постам. Кожны павінен быў прасіць прабачэння перад бацькамі, сваякамі, сябрамі і нават проста знаёмымі. Прасіць прабачэння трэба ва ўсіх, нават не адчуваючы віны.
А ў адказ неабходна казаць: “Бог даруе”. Вечарам наведвалі могілкі, развітваліся са старымі сваякамі. Абавязкова хадзілі ў лазню і спальвалі рэшткі святочнай ежы, каб наступны дзень пачаць з чыстага ліста. Апошні дзень яшчэ вельмі цікавы таму, што з’яўляецца амаль сімвалам Масленіцы. У нядзелю праводзілася ўсім вядомае рытуальнае спальванне пудзіла Масленіцы. Нашы продкі лічылі, што калі пудзіла гарыць добра, ураджай будзе багаты.

Працяг чытайце ў нумары 15  газеты за 26 лютага.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *