Мастацтва, якое бярэдзіць душу. 27 сакавіка – Сусветны дзень тэатра

Сусветны дзень тэатра – гэта не толькі прафесійнае свята майстроў сцэны і ўсіх работнікаў тэатра, але і мільёнаў неабыякавых гледачоў.

У нашым раёне такіх нямала. Усе яны прыхільнікі альбо самадзейныя артысты народнага тэатра раённага цэнтра культуры. Гэты самадзейны калектыў — яркая візітоўка ўсіх бярэзінскіх служак Мельпамены. Дзякуючы ім, у нашым гора-дзе надзейна прапісаўся абласны фестываль аматарскіх тэатральных калектываў «Бярэзінская рампа». Дарэчы, сёлета, напрыканцы восені, адбудзецца чарговае мерапрыемства, чарговая яркая сустрэча бярэзінскай публікі з лепшымі самадзейнымі калектывамі, новымі спектаклямі і цікавымі ролямі.
Бярэзінцаў традыцыйна чакаюць на “Бярэзінскай рампе” прыемны сюрпрыз і мноства станоўчых эмоцый. Менавіта так успрымаюць мясцовыя гледачы творчасць рэжысёра тэатра Мікалая Пытляка. Яму ўласціва — не шукаць лёгкіх рашэнняў, пастаянна знаходзіць новых цікавых акцёраў і не стамляцца бачыць нешта новае ў даўно вядомым. Інакш чым растлумачыць, што на гэты раз Мікалай Мікалаевіч узяўся за добра вядомую, дзякуючы савецкаму кінематографу, драму Аляксандра Вампілава «Старэйшы сын». Паказаная яшчэ ў далёкім 1976 годзе цудоўнымі акцёрамі Яўгеніем Лявонавым, Мікалаем Карачанцавым, Міхаілам Баярскім, Святланай Кручковай рэальная гісторыя з жыцця дагэтуль у нашым ХХІ-ым стагоддзі не страціла сваёй актуальнасці і глыбіні, асабліва ўспрымаецца ў час сучасных катаклізмаў.


У цэнтры сюжэта — сям’я, якая сутыкнулася з сітуацыяй, калі старэйшы сын павінен быў з’явіцца, і ён з’яўляецца. Духоўная роднасць аказваецца надзейнай і мацнейшай за фармальныя адносіны. За знешнім цынізмам маладых хаваецца здольнасць да кахання, даравання і міласэрнасці. Спектакль падводзіць да думкі, што часам чужыя людзі аказваюцца нам бліжэй, чым сваякі.


Новы спектакль абавязкова знойдзе жывы водгук у гледача, бо стаўка, па традыцыі, зроблена не на шыкоўныя дэкарацыі і пэўныя сцэнічныя эфекты, а на жывую, шчырую і сапраўдную ігру акцёраў, якая абавязкова ўсхвалюе нашу душу больш за лічбавыя тэхналогіі, навіны інтэрнэту і кіно. Людзі любяць хадзіць у тэатр. Ім цікавая дынаміка дзеяння, запал і таленавітая ігра акцёраў, жывыя эмоцыі і непаўторная тэатральная атмасфера. Актуальнасць гэтага мастацтва наўрад калі адыдзе ў нябыт.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Анатоля Палынскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *