Як зрабіць свет прыгажэйшым? Адказ на гэта пытанне ведаюць жыхары вуліцы Горкага горада

Сёлета многія з вялікай ахвотай імкнуцца зрабіць свой двор, вуліцу, вёсачку ці горад яшчэ больш прыгожымі. Асаблівая атмасфера ў Год малой радзімы пануе і ў Беразіно: жыхары горада як быццам паміж сабой спаборнічаюць у фантазіі і натхненні на лепшае добраўпарадкаванне двароў, прыватных падворкаў і афармленні клумбаў каля шматпавярховых дамоў. Дастаткова прагуляцца па вулачках райцэнтра, каб атрымаць сапраўдную асалоду ад вынікаў народнай творчасці і працоўнага энтузіязму бярэзінцаў.

Вераніка Васілевіч: — Матуля сказала, што дасць кветак на цэлы дом. Таму ў нашых планах на будучы год разбіць яшчэ адну клумбу ў двары

Зварочваеш з цэнтральнай вуліцы і накіроўваешся ў прыватны сектар горада. Бачна, што гаспадары падворкаў творча падышлі да справы ўпрыгожвання тэрыторыі вакол сваіх уладанняў. Вось старэнькі драўляны дом з сучаснай цаглянай прыбудовай. Здавалася б, усё традыцыйна: вінаграднік, альтанка, лавачка. Але прыгажосці дадае яшчэ адзін штрых: яркая кампазіцыя ля ганка дома. А вось — на падворку яркі кветнік, галоўны герой якога – стары бабульчын кошык. Толькі ён акуратна пафарбаваны, дэкарыраваны чырвонымі петуніямі. Прыгажосць, ды і толькі!
Крэатывяць і жыхары шматкватэрных дамоў. Яны паступова адыходзяць ад мінімалістычных газонаў і
разбіваюць кветнікі. Гэтым летам колькасць клумбаў значна вырасла ў Беразіно. Так, з’явілася яшчэ адна вялікая клумба каля другога пад’езда дома па вуліцы Горкага. Разбілі яе выкладчык англійскай мовы Бярэзінскай гімназіі Вераніка Васілевіч і намеснік дырэктара крытага рынка “ТрыА” Алена Цэдрык.

— Сёлета мы зведалі цяжкасці самаізаляцыі і заўважылі, як сумна выглядае наш двор, — расказвае Вераніка Леанідаўна, — а быў жа час, калі тут каля кожнага пад’езда былі аформлены клумбы. Таму мы з суседкай вырашылі: калі закончыцца наш каранцін, абавязкова разаб’ём пад вокнамі кветнік. Падтрымала нас у гэтым жаданні і мая матуля. Яна – вопытны кветкавод і была ў ліку лепшых у раёне па добраўпарадкаванні падворка. Таму і мы пастараліся па яе прыкладзе стварыць утульнасць і камфорт.
Стараліся жанчыны не адзін вечар — і зараз не бывае дня, каб яны не добраўпарадкоўвалі клумбу. І вось з’явіўся сапраўдны кветкавы рай – прымулы, ірысы, рамонкі, хосты, петуніі, півоні і каралева кветак – лілея.
— Пакуль займаемся толькі кветкамі, — зазначае Вераніка Васілевіч, — а крыху пазней пачнём асвойваць малыя архітэктурныя формы. Тут я спадзяюся не толькі на нашу фантазію, але і дапамогу мужа. Ён нашу добрую справу падтрымлівае.
Прагульваешся па родным райцэнтры і думаеш: каб горад прыгажэў, не трэба вялікіх грошай: шмат што залежыць ад ініцыятывы і жадання яго жыхароў. На шчасце, неабыякавых і творчых людзей у нас хапае!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *