Ступені поспеху. Валянціна Барысевіч адзначана Ганаровай граматай райвыканкама

“Мая праца – мая другая сям’я” . Так з упэўненасцю сцвярджае дырэктар Бярэзінскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства Валянціна БАРЫСЕВІЧ. І гэта, сапраўды, так: Валянціна Іванаўна шмат гадоў дастойна працуе ў спажыўтаварыстве.

Дырэктар Бярэзінскага філіяла Мінскага аблспажыўтаварыства Валянціна БАРЫСЕВІЧ адзначана Ганаровай граматай райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме спажыўтаварыства, прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў

-Я прыехала на Бярэзіншчыну па размеркаванні пасля заканчэння Мінскага кааператыўнага тэхнікума, — пачынае гутарку Валянціна Іванаўна. — За гэты час, бясспрэчна, змянілася многае. Да прыкладу, са жніўня мінулага года ў нас пачаўся новы этап развіцця – мы ўвайшлі ў філіял Мінскага аблспажыўтаварыства.
Валянціна Іванаўна працуе дырэктарам Бярэзінскага філіяла зусім нядаўна – амаль год. А пачынала сваю працоўную дзейнасць у родным райспажыўтаварыстве — таваразнаўцам. Была і начальнікам аддзелаў цэн, кадраў, гандлёвага. Ды і, як кажуць, “за прылаўкам” давялося папрацаваць у
вёсцы Лагі. Доўгі час шчыравала намеснікам старшыні праўлення райспажыўтаварыства.
— Ведаю спецыфіку работы дасканала. Бясспрэчна, знаёма і з кожным работнікам, ды і яны мяне ведаюць. Мы сталі адной вялікай, дружнай сям’ёй.
А працуе ў нас каля 500 чалавек. У жніўні мінулага года да нас далучылі на абслугоўванне амаль увесь Чэрвеньскі раён, — заўважае Валянціна Іванаўна. – А гэта гандлёвыя аб’екты, пункты грамадскага харчавання, каўбасны цэх, жывёлазабойны пункт. Нашы, бярэзінскія, спецыялісты працуюць там. Работы прыбавілася. Але і заробкі выраслі. Так, у нашых супрацоўнікаў зарплата расце з месяца ў месяц. Але для гэтага неабходна плённа шчыраваць. Ды, як кажуць, хто хоча мець, той і будзе імкнуцца зарабляць.
— Ва ўсіх галінах працу-ем рэнтабельна: гандаль, прамысловасць, нарыхтоўкі, крыху падводзіць толькі грамадскае харчаванне, — дадае В. Барысевіч. — Бо ў сувязі з пандэміяй многія кафэ, рэстаран працавалі не ў поўную сілу. Але зараз усё вяртаецца да звыклага рэжыму. Дарэчы, нават падчас каранавіруснай інфекцыі мы ні ў якім разе не скарачалі людзей, падтрымлівалі іх. Імкну-ліся знайсці кожнаму занятак. Так і захавалі калектыў.
Але не толькі адной працай жыве аблспажыўтаварыства. Калектыў філіяла заўсёды ўдзельнічае ў раённых, абласных, рэспубліканскіх кірмашах, раённых святах. Прымае ўдзел у турзлётах, спартыўных мерапрыемствах.
— Наш асноўны прынцып дзейнасці – дайсці да кожнага, выканаць пажаданні пакупнікоў. Нават у маленькія вёсачкі, дзе няма магазіна, з усёй неабходнай прадукцыяй прыязджае аўтамагазін. Так, у кааперацыі заўсёды складана працаваць. Маем зносіны з людзьмі! А гэта значыць, што мы павінны да кожнага знайсці падыход. Таму без такіх якасцей, як стрэсаўстойлівасць, працалюбства і справядлівасць, шчыраваць вельмі складана.
Думаю, вы заўважылі, што ў мінулым годзе большая частка вясковых магазінаў спажыўкааперацыі прайшла рэбрэндынг. Аформлены аб’екты ў адзіным стылі. На ўваходзе шыльда, на якой цёмна-зялёным колерам напісана назва гандлёвага аб’екта, злева – рэжым работы, справа – інфармацыя пра скідкі, акцыі… Зайшлі ў памяшканне, адразу ж здзівіліся: вялікая, адкрытая гандлёвая зона. Амаль усе прадукты можна ўзяць у рукі, разгледзець, звярнуць увагу на тэрмін прыдатнасці. Сустракаюць пакупнікоў ветлівыя прадаўцы ў яркай, стыльнай, новенькай шэра-зялёнай форме.
— Папрацаваць давялося шмат. Спадзяёмся, пакупнікам спадабалася навінка, — дадае Валянціна Іванаўна. – Мы і надалей будзем развівацца. За 5 месяцаў бягучага года Бярэзінскі філіял Мінскага аблспажыўтаварыства заняў лідзіруючыя месцы ў рэспубліцы па тавараабароце, прамысловасці, нарыхтоўках. Далей у планах развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Абнаўляць абсталяванне і ў аддзелах нарыхтоўкі, прамысловасці і, вядома ж, у гандлі. Да прыкладу, ужо пачалі камп’ютарызаваць гандлёвыя аб’екты не толькі ў горадзе, але і ў сельскіх населеных пунктах. Паступова абнаўляем і аўтапарк. У хуткім часе набудзем два хлебныя фургоны і адзін аўтамагазін. Павялічыліся аб’ёмы пасля далучэння Чэрвеньскага райспажыўтаварыства, а значыць, выраслі і аб’ёмы вытворчасці, да прыкладу, хлебнай прадукцыі. Калі раней выпускалі 30-40 тон, то зараз – 80. Наша хлебабулачная прадукцыя выдатна “разлятаецца” і ў нашым, і ў Чэрвеньскім, Барысаўскім, Крупскім раёнах. Плануем абнавіць і Дом гандлю.
Так, Валянціна Іванаўна — чалавек, сапраўды, на сваім месцы. Бачна, што яна любіць сваю справу.
-Чаму я абрала менавіта кааператыўны тэхнікум?! Здаецца, выпадкова. У юнацтве мне падабаліся больш тэхнічныя прафесіі. А сяброўка “заманіла” ў гандаль. Тады ў Мінскі кааператыўны тэхнікум было вельмі складана паступіць. Конкурс велізарны – 16 чалавек на месца. Але я справілася з іспытамі, паступіла! І ніколі не расчаравалася ў сваёй прафесіі. Нават не ўяўляю, кім бы яшчэ магла быць. Хацелася б, бясспрэчна, каб і сёння адрадзіўся прэстыж прафесіі прадаўца. Каб да нас прыходзілі спецыялісты, якія хочуць працаваць. Дарэчы, мы і самі “куём” кадры. Дапамагаем, падтрымліваем маладых спецыялістаў і матэрыяльна, і парадай.
Валянціна Іванаўна да бясконцага можа гаварыць пра свой калектыў, сваю справу. А пра сябе адказвае сціпла:
— Звычайны чалавек, які любіць сваю справу. У вольны час, якога не вельмі шмат, шчыруем з мужам на дачы, іншы раз дапамагаюць і дзеці. У нас даволі вялікі прысядзібны ўчастак, дзе вырошчваем памідоры, агуркі, капусту… Таму садавіна і гародніна заўсёды свае. Радуюць вока і кветкі — мне падабаецца іх вырошчваць. Летам сям’ёй выбіраемся на адпачынак! Але нават і ў вольны час, на адпачынку, я заўсёды думаю пра сваю другую сям’ю. Не магу без любімай справы ні дня!

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *