Меліяратары Бярэзіншчыны адзначаюць прафесійнае свята

Дар’я Палятаева: “Я ўсе меліярацыйныя аб’екты аб’ехала на трактары…”

Гераіня нашага чэрвеньскага праекта Дар’я Палятаева — майстар, але не зусім просты. Працуе яна не ў кандытарскім ці швейным цаху, а ў Бярэзінскім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Тут дваццацігадовая дзяўчына — дыпламаваны меліяратар. Стаж працы ў Дар’і Іванаўны невялікі: у нядзелю будзе святкаваць сваё першае прафесійнае свята.

— Я родам з вёскі Жаўчыцы, якая знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Пінска. Маці гадавала нас з сястрычкай адна. Вось мы і імкнуліся хутчэй пакінуць бацькоўскі дом і стаць дарослымі. Таму пасля заканчэння дзявятага класа я цвёрда вырашыла атрымліваць рабочую спецыяльнасць. Шчыра кажучы, выбар сярэдніх навучальных устаноў для вучняў з базавай адукацыяй у нас не вельмі багаты. Я рызыкнула і падала дакументы ў Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А.Я. Кляшчова на спецыяльнасць “Меліярацыя і водная гаспадарка”.
— А ты тады рэальна ўяўляла, чым будзеш займацца пасля вучобы?
— Вядома ж не, але назва спецыяльнасці мне вельмі падабалася. Тым больш, што спачатку ў каледжы мы атрымлівалі сярэднюю адукацыю і вывучалі звычайныя школьныя дысцыпліны. Толькі на другім курсе нас ужо знаёмілі з асновамі геадэзіі і вядзення воднай гаспадаркі. Так я паступова асвоіла азы меліярацыі.
— Аднак чаму дзяўчына з Брэсцкай вобласці адпраўляецца на працу ў Мінскую вобласць? Няўжо на радзіме не знайшлося працоў-нага месца?
— У тым, што я выбрала для сябе першым месцам працы Бярэзінскі раён, ёсць некалькі прычын, адна з якіх асабістая. Ды і чаго замоўчваць той факт, што з нашай групы толькі тры чалавекі з дваццаці працуюць па спецыяльнасці. Рашэнне паехаць так далёка ад бацькоўскага дома было няпростым, але матуля падтрымала мой выбар.
— Як цябе сустрэлі ў Бярэзінскім ПМС? Якія веды і навыкі спатрэбіліся ў першыя працоўныя дні?
— Ужо першы адпрацаваны тыдзень паказаў, што тэорыя ў меліярацыйнай справе рэзка разыходзіцца з практыкай. Аб гэтым нас папярэджвалі выкладчыкі ў каледжы, але, каб настолькі, я нават уявіць не магла. А спатрэбіліся мне ў першы працоўны тыдзень выключна жаночыя якасці — акуратны почырк і ўседлівасць пры запаўненні папер на зарплату, падліку кожнага метра каналаў, кожнага гектара. Гэтай справе я прысвяціла амаль цэлы месяц. Толькі затым адправілася з рабочымі і механізатарамі на сапраўдны меліярацыйны аб’ект. Давялося пахвалявацца. Аднак трывога прайшла, калі на трактары аб’ехала ўсе меліярацыйныя аб’екты, наладзіла работы па іх абкошванні і ачыстцы. Ды і з калегамі хутка знайшла агульную мову.
— Дык чым жа даводзіцца займацца жанчыне-меліяратару?
— Яшчэ ў каледжы нас вучылі, што меліяратар у перакладзе з лацінскай мовы азначае “паляпшэнне”. І гэта не толькі асушэнне забалочаных участкаў. Меліяратары таксама пракладваюць дарогі, узводзяць гідратэхнічныя збудаванні, высякаюць хмызняк уздоўж водаадводных каналаў, а калі ёсць неабходнасць — арашаюць палі. Работы хапае круглы год. Толькі абкошванне каналаў трэба праводзіць тры-чатыры разы на год. Каб палеткі зноў не сталі балотамі, меліярацыйная сістэма павінна функцыянаваць пастаянна. Дзякуючы ўкараненню новых тэхналогій значна павысілася вытворчасць працы. Пры будаўніцтве і абслугоўванні меліярацыйнай сеткі на прадпрыемстве выкарыстоўваецца сучасная энерганасычаная ўніверсальная тэхніка. Так, адзін трубаўкладчык замяняе некалькі адзінак іншых сродкаў механізацыі. Цяпер у раёне новыя меліярацыйныя сістэмы не ўзводзяцца, праводзяцца рамонт і рэканструкцыя існуючых. А гэта значны ўклад у паляпшэнне культуры земляробства, навядзенне парадку на зямлі і адраджэнне вёскі.
— З якім настроем будзеш адзначаць сваё першае прафесійнае свята?
— З цудоўным настроем і рабочым запалам. Іх мне дораць слаўныя працаўнікі арганізацыі і наш новы кіраўнік Мікалай Куксёнак. І няхай па спецыяльнасці ён будаўнік, да меліярацыі і людзей ставіцца з павагай. Так, мне выдзелілі пакой у інтэрнаце. Давяраюць кіраўніку і вопытныя работнікі. Яны задаволены аб’ёмамі работ і заробкам.
— Дык прызямліцца ці ўзляцець?
— Адпрацаваны на Бярэзіншчыне час не будзе лішнім у маім жыцці. Ды і выбранай прафесіі я здраджваць не збіраюся.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Аб перспектывах развіцця меліярацыйнай галіны і лепшых меліяратарах раёна чытайце ў наступным нумары газеты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *