“Міс Міншчыны” выбралі ў цэнтральным рэгіёне. У фінал выйшла прадстаўніца Бярэзіншчыны Крысціна Філічонак

Урачыста і феерычна прайшоў абласны конкурс – “Міс Міншчыны” ў барысаўскім Палацы культуры. Гэта яркае мерапрыемства вянчала акцыю “Прыгажуні Міншчыны — багацце краіны!”. За карону і ганаровы тытул змагаліся 72 прыгажуні – пераможцы рэгіянальных адбораў. Наш раён прадставіла Крысціна Філічонак і трапіла ў лік фіналістак.

Не пакінулі раўнадушных маляўнічыя і яркія этапы конкурсу. Дэфіле ў кактэйльных і вячэрніх сукенках, купальных касцюмах, дэманстрацыя калекцыі вырабаў ААТ “Купалінка”, конкурс імправізацыі… Прыгажуні здзіўлялі не толькі прыгажосцю, элегантнасцю, добрымі манерамі, але і багатым унутраным светам.

У самым пачатку конкурсу быў дадзены старт смс-галасаванню. Дзякуючы яму, усе жадаючыя маглі аддаць голас за ўпадабаную канкурсантку і тым самым вызначыць прэтэндэнтку на званне “Міс глядацкіх сімпатый”. У выніку — прыз дастаўся Дар’і Фесінай з суседняга Чэрвеня.

Членам журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі мадэльнай індустрыі, дзяржаўных органаў, вядомыя артысты, спецыялісты сферы культуры, моды і прыгажосці, выдалася нялёгкая і адказная задача: з лепшых выбраць самых лепшых. Ацэньвалі прыгажунь Мінскай вобласці дэпутат Палаты прадстаўнікоў, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, заслужаная артыстка Беларусі Алёна Ланская. Узначаліў журы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч.

Пасля двух дэфіле барацьбу за карону, па рашэнні журы, працягнулі толькі 25 прыгажунь, сярод якіх была і наша Крысціна. У завяршэнні конкурсу вызначылася чацвёрка лепшых. Так, пераможцай конкурсу была прызнана Вераніка Кушалева з Лагойска. Першай віцэ-міс стала Аліна Паляшчук з Салігорску. Другой віцэ-міс — Віялета Герасімчук з Пухавіч. А “Міс фота” — Ганна Мілеўская з Маладзечна. Усім удзельніцам уручылі дыпломы і памятныя падарункі ад арганізатараў.

— Сёння на нашых вачах адбылася адна з самых яскравых падзей года, — адзначыў Іван Маркевіч. — Мы выбіралі самую прыгожую дзяўчыну нашага краю. Журы можна было шчыра паспачуваць. Вызначыць самую годную з такой колькасці бліскучых дзяўчат надзвычай цяжка. Многія дзяўчыны разумныя, элегантныя, валодаюць добрымі манерамі, маюць шырокі кругагляд, умеюць арыгінальна выказваць свае думкі.

Іван Станіслававіч пажадаў удзельніцам поспеху і падзякаваў спонсарам, без якіх конкурс не атрымаўся б такім маштабным і маляўнічым.

Упрыгожылі мерапрыемства выступленні беларускіх зорак і лепшых самадзейных артыстаў Мінскай вобласці.

Нагадаем, абласная акцыя “Прыгажуні Міншчыны — багацце краіны!” стартавала ў лістападзе 2019 года. Выпрабаваць поспех і трапіць у лік прэтэндэнтак на тытул “Міс Міншчыны” спрабавалі 764 прадстаўніцы цэнтральнага рэгіёна. Рэспубліканскі этап конкурсу “Міс Беларусь” пройдзе ў маі бягучага года.

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *