Міжнародны выставачны праект адкрыўся ў Беразіно

14 студзеня ў раённым цэнтры рамёстваў адкрыўся міжнародны выставачны праект “Пакт Рэрыха. Гісторыя і сучаснасць”. Ён сабраў нямала бярэзінцаў, якіх хвалююць пытанні культуры, а таксама будзе цікавым для школьнікаў і моладзі.

Міжнародны цэнтр Рэрыхаў працягвае выставачную дзейнасць па папулярызацыі міратворчых ідэй рускага мастака, гуманіста, грамадскага дзеяча Мікалая Рэрыха.
Праект стартаваў у 2012 годзе. Ён быў прадстаўлены ў Францыі, Аргенціне, Швейцарыі, Германіі, Чылі, Індыі, Нідэрландах, ЗША, Балгарыі, Аўстрыі, Фінляндыі, Расіі, Казахстане, Беларусі і іншых краінах.

Галоўны дэвіз “Пакта Рэрыха” – “Мір праз культуру”. Мікалай Рэрых лічыў, што ўсе культурныя каштоўнасці нясуць духоўны зарад, а знішчаючы іх, чалавецтва знішчае аснову, на базе якой яно можа духоўна развівацца. Неацэнная заслуга Рэрыха ў тым, што ён быў першым у сусветнай гісторыі, хто змог арганізаваць шырокі міжнародны рух дзеля абароны сусветнай культурнай спадчыны.

Экспазіцыя выстаўкі ўключае шмат экспанатаў. Сярод іх – рэпрадукцыі карцін Мікалая Рэрыха, фатаграфіі, банеры, інфармацыйныя тэксты да шасці раздзелаў выставы, узоры кніжнай прадукцыі цэнтра Рэрыхаў.

Прадстаўленыя на выставе фатаграфіі помнікаў культуры, разбураных падчас Другой сусветнай вайны і, на жаль, тых, якія падвергліся разбурэнню ў наш час, сведчаць аб актуальнасці «Пакта Рэрыха» і сёння.
Наведаць экспазіцыю можна да 14 лютага.

.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *