Моду на кукурузу дыктуе моладзь філіяла Здравушка-агра

У філіяле “Здравушка-агра” тон на сяўбе “царыцы палёў” задаюць маладыя механізатары. Яны з перавыкананнем даведзеных штодзённых заданняў рупяцца на розных участках палявых работ.

Каб забяспечыць высокую якасць сяўбы, неабходна добра падрыхтаваць глебу, куды роўнымі радкамі ўслед за сеялкай лягуць зярняткі. Такой важнай работай займаецца ў гэтыя дні Іван Путрык.
— Праедзеш з дыскамі па полі, глеба адразу мяккай становіцца, а гэта важная ўмова для добрага закрыцця насення, — зазначае трактарыст. — Ды толькі гэтай вясной варта рабіць дыскаванне як мага хутчэй, каб захаваць патрэбную вільгаць у глебе.
Гаворыць гэта механізатар з веданнем справы. Іван сёмы год шчыруе на палетках гаспадаркі, не раз яму даводзілася займацца пасяўнымі работамі.
— Працуе заўсёды адказна і без агрэхаў, — гаворыць кіраўнік філіяла Міхаіл Крыцкі. — Не падводзіць у адказны момант і энерганасычаны трактар з дыскамі. Таму няма ні хвіліны прастояў.
— Майму “жалезнаму каню” ўжо 11 гадоў, але па знешнім выглядзе ніколі не скажаш, — расказвае Іван. — А ўсё таму, што машына дагледжана і падрыхтавана ўласнаручна. Ды і гаспадарка не паскупілася і выдаткавала грошы на капітальны рамонт рухавіка, а гэта значыць, што трактару яшчэ знойдзецца справа ў полі.

 

— Праедзеш з дыскамі па полі, глеба адразу мяккай становіцца, а гэта важная ўмова для добрага закрыцця насення, — зазначае трактарыст Іван Путрык. — Ды толькі гэтай вясной варта рабіць дыскаванне як мага хутчэй, каб захаваць патрэбную вільгаць у глебе

Іван Путрык родам з вёскі Новіны, з механізатарскай сям’і, дзе хлапчукоў з маленства прывучалі да працы на зямлі і любові да тэхнікі. Але адкуль усё гэта ўзялося ў маладога сейбіта Сяргея Бурага?
— Я па месцы рэгістрацыі — гарадскі жыхар, а па душы і настроі — вясковы, — гаворыць ён пра сябе. — Мне куды больш падабаецца не мітуслівы горад, а дзядулева ўтульная сядзіба ў Паплавах.
Сяргей скончыў сельскагаспадарчы каледж, атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка і вось ужо трэці год паказвае «клас» мясцовым механізатарам на полі.
— У яго трактар як новы, а ўсё таму, што Сяргей уласнымі рукамі перабраў кожную дэталь і давёў да ладу кожны механізм агрэгата. Рукі ў хлопца і сапраўды залатыя, ды і акуратнасці яму не пазычаць. Вось летась набылі танную сеялку, думалі: хутка выйдзе са строю, а ў яго руках яна не ведае прастояў. Ды і здзіўляюцца мясцовыя механізатары з яго працавітасці: раніцай юнак першым пакідае машынны двор, а ўвечары за ім, апошнім, зачыняе вароты вартаўнік.
— Важна не затрымліваць работу, — кажа Сяргей. — Надвор’е стаіць спрыяльнае, хочацца хутчэй завяршыць сяўбу. Таму працуем да позняга. Хутчэй управімся – пяройдзем на хімпраполку. Палеткі даўно ўжо чакаюць свайго часу.
Напружаны графік ніколькі не палохае маладых механізатараў, бо за сваю працу яны атрымліваюць дастойны заробак, заахвочвае іх старанную працу і кіраўніцтва філіяла, якое абяцае маладым хлебаробам уласнае жыллё.

— Важна не затрымліваць работу, — кажа Сяргей Буры. — Надвор’е стаіць спрыяльнае, хочацца хутчэй завяршыць сяўбу. Таму працуем да позняга. Хутчэй управімся – пяройдзем на хімпраполку. Палеткі даўно ўжо чакаюць свайго часу

— З апошнім пакуль складана, бо жыллё прадастаўляецца толькі жанатым. А як знайсці суджаную, калі ўвесь час заняты ў полі? — жартуюць маладыя механізатары. — Ды і мы, хлопцы пераборлівыя, гультайку ў жонкі не возьмем! Таму пакуль сем’і за-водзіць не спяшаемся.
Згодна з даведзеным раённым заданнем, філіял “Здравушка–агра” павінен да 10 мая пасеяць 1100 гектараў кукурузы, аднак маладыя механізатары маюць намер скончыць гэту работу значна раней. Замест 48 гектараў штодзень яны засейваюць па 70. Аптымальныя тэрміны, дакладнае захаванне тэхналогіі ўсіх відаў палявых работ, спрыяльнае надвор’е і кіпучая энергія маладых абяцаюць гаспадарцы шчодры ўраджай кукурузы, якога з лішкам хопіць, каб накарміць статак жывёлы і зрабіць запас зерня на будучы год.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *