“Мы – апошнія сведкі…” Успамінамі дзеляцца дзеці вайны

Прозвішча Мікалая Савельевіча добра вядома ў нашым раёне. Ведаюць яго як педагога, былога загадчыка аддзела адукацыі, старшыню раённага савета ветэранаў, на рахунку якога ўжо нямала кніг, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне і памяці тых, хто прынёс нам вызваленне ад фашысцкай навалы і Вялікую Перамогу. Пранізлівая памяць пра тыя суровыя гады жыве ў сэрцы гэтага чалавека невыпадкова, бо ён — дзіця вайны і ведае пра яе не па чутках. Сёння М. Абазовік дзеліцца сваімі ўспамінамі:

Віншаванні з днём нараджэння напярэдадні Дня Незалежнасці Мікалай Абазовік прымае ад старшыні Савета дэпутатаў Віктара Лашкоўскага і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіны Сакалоўскай

— Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, мне было тры гады, але асобныя яе трагічныя моманты добра ўрэзаліся ў маю дзіцячую памяць. Наша вялікая сям’я (а ў ёй было 11 душ, дзевяць з якіх – мы, дзеці, самай старэйшай споўнілася 15 гадоў) жыла на той час у вёсцы Быковічы. Добра памятаю, што нямецкага гарнізона або паліцэйскага ўчастка ў вёсцы не было, але акупанты і іх памагатыя часцяком наведваліся да нас, рабавалі мясцовае насельніцтва і кантралявалі, як укараняюцца новыя парадкі. Не спалі народныя мсціўцы, раз-пораз нагадваючы ворагу пра сябе, уступаючы ў адкрыты бой.
Сведкам аднаго з іх быў і я. Тая летняя ноч 1943 года назаўсёды засталася ў памяці. Уявіце сабе: мы стаім каля акна, за якім ва ўсю разбушавалася стыхія – навальніца, гром, маланкі, якія штохвілінна пранізваюць наваколле, і становіцца відаць, нібы ўдзень. А ў дадатак да гэтага – страляніна ад бою, які ўчынілі партызаны з немцамі, іх постаці, якія то на долю секунды выхо-дзяць з цемры, то зноў патанаюць у чарнаце ночы.
Раніцай высветлілася, што партызаны ў час бою спалілі варожую машыну. Старэйшыя вяскоўцы ўсведамлялі, што гэтым не скончыцца і фашысты неўзабаве прыедуць, каб паквітацца з крыўдзіцелямі. Таму ўсе, хто мог, на дзень сышлі ў лес. Маці і яшчэ некалькі самых маленькіх дзяцей, у тым ліку і я, засталіся ў вёсцы…
А вось і карнікі. У лічаныя мінуты яны сагналі ўсіх у адну хату. Памятаю, калі падыходзілі да яе, звярнуў увагу на тое, што дом
той быў абкладзены саломай,
а па яго вуглах стаялі салдаты з вялікімі сабакамі.
Немцы спадзяваліся, што вяскоўцаў стануць адбіваць партызаны, і першы ж іх стрэл стаў бы сігналам для падпальвання дома з палоннымі. Разумелі гэта і народныя мсціўцы і не сталі ўступаць у бой.
Другі выпадак, калі нашай сям’і пагражала страшная небяспека, адбыўся летам 1944 го-да, калі савецкія войскі пачалі вызваляць наш раён. Мясцовыя жыхары, для таго каб не стаць ахвярамі адступаючых вар’ятаў, вырылі зямлянкі ў лесе, дзе і жылі доўгі час. Неўзабаве дайшлі чуткі, што немцы пакінулі ўжо Пагост і пайшлі далей на Захад. Пераканаўшыся ў тым, што вёска вызвалена, большасць яе жыхароў вярнулася назад. Наша ж сям’я заставалася ў зямлянцы: маці чакала вяртання бацькі, бо адна з намі малымі не магла дайсці да роднай хаты.
А ўвечары таго ж дня да нашай зямлянкі падышла вялікая група нямецкіх салдат. Адзін з іх нагой выбіў дзверы і, трымаючы аўтамат напагатове, уварваўся да нас. Доўга штосьці грозна гаварыў на сваёй незразумелай мове,
а потым згроб і забраў з сабой тыя мізэрныя харчы, што мелі-
ся ў нас. Хоць галодныя, але
жывыя засталіся мы ў той раз.
Бацька, якога мы ўжо не думалі ўбачыць, прыйшоў на наступны вечар — і мы сабраліся ў дарогу. У вёсцы на месцы былога дома ўбачылі толькі папялішча. Да таго, як была зроблена чарговая зямлянка, жылі прама пад адкрытым небам. А ў хуткім часе тату забралі на фронт. Спачатку ваяваў ён у Польшчы, дзе атрымаў цяжкае раненне і доўга лячыўся, а затым, будучы годным да нестраявой, яшчэ доўга пасля заканчэння вайны ў будаўнічых войсках аднаўляў разбураныя чыгуначныя масты на тэрыторыі былога Савецкага Саюза.
Мы ж у гэты час спачатку мясціліся ў зямлянцы, а потым жылі на падсяленні ў аднаго з аднавяскоўцаў – нас дзясяцера і іх сям’я. Пачаліся хваробы, якія сталі касіць у першую чаргу аслаб-
леных дзяцей. Не абмінула бяда і нас. Так, у адзін дзень памерлі трое маіх братоў і сясцёр. І сёння стаіць у вачах, як на дзвюх павозках, запрэжаных конямі, вязуць іх – двух, самых меншых, у адной труне і трэцяга – асобна. Так вайна яшчэ раз нагадала нам аб сабе. Не забываецца яна і сёння.
Што было потым? Яшчэ да вяртання бацькі з арміі маці пабудавала хату. Была яна, праўда, без падлогі, крытая саломай і мела толькі адно прарэзанае акенца. Але і праз яго да нас лілося святло мірнага жыцця, спадзяванне на лепшае, цяга да ведаў. І я вучыўся, шукаючы любую магчымасць, каб атрымаць хоць якую капейку на вучобу ў школе (пасля восьмага класа адукацыя была платная). Была і служба ў арміі, якая праходзіла ў Германіі, з чым сэрца ніяк не магло мірыцца. Няпроста складвалася і далейшае, поўнае нястач пасляваеннае жыццё.
Але мы, пакаленне дзяцей вайны, выжылі, выстаялі, аднавілі разбураную гаспадарку, вызначыліся ў працы і дасягнулі ў ёй вынікаў. Мы не здрадзілі веры ў нас нашых бацькоў, не здрадзілі іх памяці і захавалі яе для наступных пакаленняў вызваленай і вольнай Беларусі. Няхай квітнее яна пад мірным
небам і ніколі больш ніхто не зведае таго, што перажылі мы – апошнія сведкі вайны.
Фота Алены МУРАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *