15 лютага — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Афганістан навечна ў нашых душах

На вясковых могілках у вёсцы Асмолаўка сярод усіх помнікаў у вочы адразу кідаецца адзін — чорны гранітны, строгі, ужо крыху пашкрабаны часам і непагаддзю. Яго ніяк нельга прамінуць, калі крочыш побач па асфальтаванай дарозе. Тут заўсёды прыбрана і стаіць свежы непалінялы ад дажджоў і сонца вянок. З помніка глядзіць вайсковец у форме савецкіх часоў, а ніжэй залатымі літарамі выбіта “Погиб, защищая завоевания апрельской революции Демократической Республики Афганистан”. Толькі гэты подпіс ужо даўно ніхто не чытае: мясцовыя жыхары і людзі з суседніх вёсак ведаюць — тут пахаваны іх зямляк Сяргей Карканіца. Ён першым з раёна вярнуўся дамоў грузам 200 у “чорным цюльпане”, у шэра-жоўтай наглуха забітай цынкавай труне.

Фота Сяргея Карканіцы з раённай кнігі “Памяць”

Сяргея ніхто не бачыў памерлым, таму ў памяці сваіх сваякоў, сяброў, педагогаў і вяскоўцаў ён так і застаўся добрым, спагадлівым, вельмі працавітым бязвусым юнаком…

Сяргей быў шостым дзіцем у сям’і Івана і Вольгі Карканіцы. Бацькі яго цяжка шчыравалі, як і ўсе ў тыя часы, у мясцовай гаспадарцы: маці — паляводам і ў жывёлагадоўлі, а бацька — будаўніком. Сяргей нарадзіўся якраз на Купалле, аднак шчаслівую купальскую кветку не знайшоў, бо гадаваўся ў вялікай нястачы і жыў з уласнага мазаля. Каб хоць неяк пракарміць вялікую сям’ю, бацькі садзілі соткі бульбы і трымалі хатнюю гаспадарку, дзяцей з маленства прывучылі да цяжкай працы.

Помнік Сяргею Карканіцу на могілках вёскі Асмолаўка

— Трэба дроў накалоць – Сяргей наколе, трэба бульбу капаць — спіну не разагне і не войкне за дзень, — успамінае пра яго родная цётка па бацькавай лініі, 82-гадовая Алена Жалязняк. — Ды і нам з мужам-інвалідам ён ніколі не адмаўляў, дапамагаў, чым мог, любіў няньчыцца з пляменніцай. Добры быў, чуллівы, ніколі ні на што не скардзіўся, а проста ўсміхаўся, дарослых паважаў і сястрычак сваіх ніколі не крыўдзіў.

Старэйшая сястра Сяргея Карканіцы гаворыць: “Мы і зараз, калі збіраемся ўсёй сям’ёй, заўсёды ўспамінаем Сяргея. Ён сярод нас быў самым душэўным і адкрытым”

У вёсцы Асмолаўка сваёй школы ніколі не было. Таму першыя чатыры класы Сяргей вучыўся ў пачатковай установе ў вёсцы Вусце, а затым — восем класаў у Якшыцкай школе. Каб не спазніцца на першы ўрок, уставаць даводзілася з першымі пеўнямі і пешшу дабірацца ў школу ў сцюжу і дождж. Звычайна вадзіцелі за пэўную плату падвозілі дзяцей да школы, але ў сям’і Карканіцы лішніх грошай не было.

Родная цётка Вольга Жалязняк заўсёды з цеплынёй успамінае свайго пляменніка

— Памятаю, аднойчы зімой Сяргей спазніўся на першы ўрок, — гаворыць тагачасны дырэктар Якшыцкай школы Уладзімір Лыскавец. —
Пабачыўшы яго здалёк, я адразу запрасіў да сябе ў дырэктарскі кабінет. Але ўшчуваць не стаў: хлапчук быў абуты ў гумавыя боцікі, у яго нават шкарпэтак не было. Таму мы яго адагравалі ўсёй школай.

Былы дырэктар Якшыцкай школы і старшыня парткама калгаса “Перамога” Уладзімір Лыскавец і сёння рупіцца аб слаўнай памяці Сяргея

Нястачы ніколькі не азмрочвалі дзяцінства Сяргея. Ён меў мноства сяброў, з якімі гойсаў на веласіпедах і свавольнічаў.
— Вучыцца Сяргей ленаваўся, ды і не ішла ў яго зусім вучоба, — дадае былы педагог Уладзімір Сцяпанавіч. — Затое ён першым цягнуў руку, каб
пайсці дапамагаць у навядзенні парадку і сельска-гаспадарчых работах. Тут яму роўных па працавітасці і спрытнасці не было.
Заканчваць сярэднюю школу Сяргей не стаў, а пасля восьмага класа пайшоў вучыцца на трактарыста ў Смілавіцкае ПТВ. Вярнуўшыся дамоў, адразу ўладкаваўся трактарыстам у калгас “Перамога”. Тут яго цёпла віталі, як свайго. Па тым часе маладым механізатарам ніхто новай тэхнікі не даваў, а трактарысты лічылі за шчасце сваімі рукамі са старых машын сабраць з сябрамі свой першы трактар. Сяргею ў гэтым пашчасціла, але ўзараць сваю першую ніву, намалаціць першы гектар, пабачыць зялёную рунь ён так і не паспеў. Восенню 1982 года юнак атрымаў позву ў армію…

Працяг чытайце у наступным нумары газеты за 12 лютага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *