Мы гаворым. “Служыць жадаю на вёсцы!”

Максім Кашлачоў

Лічаныя дні ў раённым аддзеле ўнутраных спраў служыць лейтэнант міліцыі Максім Кашлачоў. На працу ў самы шматколькасны міліцэйскі аддзел прафілактыкі і аховы правапарадку ён спяшаецца з баявым настроем, старанна выконвае ўсе даручэнні і заданні, патрулюе горад.
— Я доўга вагаўся: пайсці па бацькоўскіх сцежках і стаць хлебаробам альбо паспрабаваць сябе ў чымсьці новым, невядомым, — гаворыць Максім, — і толькі ў 11-ым класе канчаткова вырашыў для сябе, што буду насіць міліцэйскую форму і абараняць людзей ад злодзеяў і хуліганаў. Ды і хацелася мець рэальныя сацыяльныя гарантыі і перспектывы кар’ернага росту, якія прадугледжаны для супрацоўнікаў міліцыі.
Максім родам з аграгарадка Пагост, дзе ў мясцовай гаспадарцы вось ужо шмат гадоў слаўна працуе механізатарам яго бацька, матуля — у сталовай ЗАТ “Клявіца”, а малодшая сястрычка ў наступным годзе закончыць школу. За плячыма ў лейтэнанта — вучоба ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь і першы вопыт работы ўчастковым міліцыянерам у горадзе.
— Работы я не баюся, не напалохаеш мяне сямейнымі сваркамі, начнымі дзяжурствамі і рэйдамі, — прызнаецца юнак, — бо прафесію выбіраў свядома. Быў на практыцы ў Бярэзінскім аддзеле ўнутраных спраў, ведаю большасць сваіх калег і магу рэальна разлічваць на іх дапамогу. Ды і прыемна мне, што хвалюецца аб маладых спецыялістах кіраўніцтва РАУС і УУС Мінаблвыканкама, дае парады, кансультуе.
Пакуль адміністрацыйны ўчастак Максіма Кашлачова знаходзіцца ў горадзе, аднак лейтэнант спадзяецца, што ў перспектыве будзе працаваць на вёсцы, якая бліжэй яго натуры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *