Бярэзінцы прынялі ўдзел у акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі”

На мінулым тыдні стартавала Усебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі», прымеркаваная да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Традыцыйнае мерапрыемства ў яе рамках — уручэнне пашпартоў юным грамадзянам краіны.

У чацвер, напрыклад, абласны этап акцыі прайшоў у зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На мерапрыемства з удзелам кіраўніка вобласці Аляксандра Турчына, памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігара Яўсеева і іншых адказных асоб, было запрошана 25 таленавітых і актыўных 14-гадовых жыхароў Мінскай вобласці.
Урачыстая цырымонія стала яркай і запамінальнай падзеяй для юных грамадзян краіны, якія дасягнулі значных поспехаў у вучобе, спорце альбо творчасці, якім асабіста першы і самы важны ў жыцці дакумент уручыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Турчын.
— Хочацца, каб вы з юных гадоў адчувалі жывую сувязь з пакаленнем пераможцаў, подзвігі і стварэнні якіх дазваляюць сёння Міншчыне быць мацнейшым эканамічным цэнтрам Беларусі, — звярнуўся Аляксандр Генрыхавіч да віноўнікаў урачыстасці. — Мінская вобласць — цэнтральны рэгіён краіны не толькі па геаграфічным статусе, але і па ўплыве, які яна аказвае на развіццё нашай дзяржавы. Мы надзейна ўтрымліваем лідзіруючыя пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе. Дынамічна развіваецца эканоміка і сацыяльная сфера. Ратны і працоўны подзвігі нашага рэгіёна ацэнены дастойна: вобласць двойчы ўзнагароджана ордэнам Леніна, ёй два разы прысуджаўся Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.
Аб гэтым трэба памятаць і імкнуцца ўнесці ўклад у агульную справу. У ліку тых, каму старшыня Мінаблвыканкама ўручыў пашпарт, была і вучаніца 9-га класа ДУА “Паплаўскі ВПК дзіцячы садок-сярэдняя школа” Яніна Клімовіч. На рахунку гэтай дзяўчыны важкі ўклад у захаванне нацыянальных традыцый. Яніна – удзельніца дзіцячага ўзорнага калектыву «Валошкі» Новінскага сельскага Дома культуры, мае дыплом І ступені ў абласным конкурсе дзіцячай творчасці “Калыска талентаў”, дыплом І ступені ў конкурсе выканаўцаў беларускага танца “Ветразь” у намінацыі “Сольнае выкананне танца “Мікітка”. Апрача творчасці, дзяўчына сур’ёзна ставіцца да вывучэння роднай мовы і літаратуры. Яніна – пераможца школьнай алімпіяды па гэтай дысцыпліне. А яшчэ без яе актыўнага ўдзелу не абыходзіцца ў роднай Паплаўскай школе ніводнае мерапрыемства.
— Кім буду, пакуль дакладна не вызначылася, — гаворыць дзяўчына, — але адно відавочна, бацькоўскую справу — зберагаць нацыянальную культуру, я не пакіну. Напамінам для гэтага стануць эмоцыі ад наведвання музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і кніга “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Не менш запамінальным і яркім стаў момант уручэння пашпартоў для дзесяці вучняў Бярэзіншчыны ў раённым Цэнтры культуры. Хвалюючая цырымонія прайшла ў рамках урачыстага мерапрыемства па падвядзенні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2019 год. Тут юных грамадзян шанавалі на роўных з лепшымі работнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў, а пашпарты ім уручаў на вялікай сцэне асабіста старшыня райвыканкама Аляксандр Бабічаў. У ліку шчасліўшчыкаў — Паліна Цыбулька, Даніла Смоляр, Кірыл Лапыцька, Раман Хасіневіч, Валерыя Сушчэўская з СШ №2, Улья-на Раманава з Лешніцкай СШ, Раман Жаўронак, Дзмітрый Сіняк, Яўгеній Сілівончык, Канстанцін Благародны з Бярэзінскай гімназіі. Усе яны на добрым рахунку ў сваіх навучальных установах, добра вучацца, актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах і заслужана сталі ўдзельнікамі раённага этапу Усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі».

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *