“Мы працуем дзеля людзей!”
На свяце працы ва ўрачыстай абстаноўцы за добрасумленную, штогадовую, плённую працу ўрачу лабалаторнай дыягностыкі клініка-дыягнастычнай лабалаторыі Бярэзінскай ЦРБ Валянціне Ковель старшыня райвыканкма Дзяніс Дзішук уручыў Грамату. Самы час пазнаёміцца з Валянцінай Вікенцьеўнай!
— Ведаеце, для мяне было нечаканасцю, што менавіта мяне будуць узнагароджваць. Здаецца, мая праца нічым не прыметная. Проста працую, імкнуся выконваць свае абавязкі на выдатна, — заўважае доктар. – Я чалавек не публічны, не вельмі люблю быць навачах ва ўсіх, расказваць пра сябе. Працую, працую, працую…
Так, сапраўды, бачна, што Валянціна Вікенцьеўа вельмі сціплы чалавек. І прафесіянал сваёй справы. Працуе ў райбальніцы з 1970 года!
— Як пераехалі на Бярэзіншчыну, так і працую ўрачом клініка-дыягнастычнай лабараторыі! – заўважае В. Ковель. — Чаму ў свой час абрала медыцыну? Ведаеце, мне заўсёды хацелася дапамагаць людзям спраўляцца з рознымі захворваннямі. Таму яшчэ ў дзяцінстве вырашыла: буду доктарам. Мара здзейснілася! І ведаеце, ніколі не расчаравалася ў абранай прафесіі. Так, працаваць у медыцыне няпроста, асабліва падчас пандэміі. Але нават у складаныя часы, калі шмат працы, я не думаю аб тым, каб змяніць справу.
— Што ўваходзіць у мае абавязкі? — працягвае гутарку доктар, — праводзіць даследаванні. Мы выяўляем і захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам, робім даследаванні на імуналогію, гармоны … Вядома ж, мы абслугоўваем і хворых, якія праходзяць лячэнне ў стацыянары. І тых, хто, да прыкладу, праходзіць медыцынскую камісію, здае неабходныя аналізы. Калі ідуць планавыя, экстранныя аперацыі ў райбальніцы, мы таксама працуем. Вядома ж, экстранныя аперацыі могуць праходзіць у любы час сутак. Нас выклікаюць і вечарам, і ноччу. Але я ніколі не скарджуся: разумеем, гэта патрэбна дзеля выратавання здароўя, жыцця чалавека. Жыццё чалавека – гэта самае дарагое што ёсць. І наша задача, медыцынскіх работнікаў, зрабіць усё магчымае і нават больш, каб захаваць жыццё кожнаму пацыенту. Таму ў любы час сутак, калі неабходна, я хуценька збіраюся — і на працу. Ведаю, што неабходна вельмі хутка, дакладна правесці тыя альбо іншыя даследаванні. Ды прыкладу, вызначыць групу крыві.
Як бачыце, работы ў нас, сапраўды вельмі шмат. Бо абслугоўваем увесь наш Бярэзінскі раён. Складана! Але мы на гэта не наракаем. Працуем дзеля людзей. У нашай лабараторыі ёсць неабходнае абсталяванне для правядзення тых альбо іншых аналізаў. Зразумела, што медыцына не стаіць на месцы. Па меры неабходнасці абсталяванне ў нас абнаўляецца. Да прыкладу, раней мы не рабілі даследаванні на гармоны – зараз робім. Таксама зараз мы абследуем усіх мужчын старэй за 40 гадоў на ПСА (захворванне прастаты). Іншы раз як прыйдзем на працу ў 7 гадзін і да трох гадзін дня нават не выходзім з кабінета: робім неабходныя даследаванні.
— Ведаеце, напэўна ўсе медыцынскія работнікі – пастаянныя студэнты. І я не выключэнне. Пачынаем рабіць новыя даследаванні, з’яўляюцца новыя рэактывы: папаўняю сваю базу спачатку тэарэтычнымі ведамі, затым – адточваю іх на практыцы. У нас, у лабараторыі, дружны, зладжаны калектыў. Мае памочніцы — лабарантка і санітарачка. Яны прафесіяналы, дакладна ведаюць сваю справу. Дзякуй ім за плённую працу.
Увогуле, Валянціна Вікенцьеўна пазітыўны, адкрыты чалавек. Гутару з ёй, разумею, яна, сапраўды, імкнецца дапамагчы кожнаму. І робіць для гэтага ўсё неабходнае.
— Ведаеце, мой жыццёвы дэвіз: “Абыходзься з людзьмі так, як хочаш, каб яны абыходзіліся з табой”, — заўважае жанчына, — Я імкнуся рабіць усё магчымае, што залежыць ад мяне, каб нашым пацыентам, бярэзінцам захаваць здароўе і жыццё. Ці стала ў нас больш працы падчас пандэміі?! А ведаеце, у лабалаторыі ніколі не сціхае работа. Проста падчас пандэміі больш складана працаваць маральна і фізічна. Мы, медыцынскія работнікі, дакладна захоўваем ўсе меры прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. І хацелася б, каб і бярэзінцы не ігнаравалі іх. Абавязкова захоўвайце масачны рэжым, сацыяльнае дыстанцыянаванне! Будзьце здаровымі і шчаслівымі!
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.